На актывістаў адміністратыўныя пратаколы склалі завочна
Актывістцы Паліне Кур’яновіч і ейнаму брату Паўлу Кур’яновічу па пошце прыйшлі копіі пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэньнях, складзеныя бяз іхняй прысутнасьці за ўдзел у акцыі, да якой яны не маюць ніякага дачыненьня.
У пратаколах, складзеных па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), Паўла і Паліну Кур’яновіч вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі 26 кастрычніка, калі актывісты стаялі з партрэтамі палітвязняў у вагонах метро і ля будынку чыгуначнага вакзалу ў Менску. За тую акцыю актывістка Юлія Сцяпанава была аштрафаваная на 30 базавых велічыняў, Міхаіл Ермалюк арыштаваны на 5 сутак, а Вольга Бандарэнка адбыла арышт даўжынёй 10 сутак.
Паўла і Паліну Кур’яновіч выклікаюць на разгляд справаў у суд Кастрычніцкага раёну Мінска на 18 лістапада а 14-30.