Беларускую эканоміку прызнаюць гіпэрінфляцыйнай
![](http://18.192.98.152/app/uploads/2011/11/C02A95F7-5350-40B4-9817-6F7CBCC5D469_w270-360x270.jpg)
"Вялікая чацьвёрка" найбуйнейшых у сьвеце аўдытарскіх кампаній гатова прызнаць эканоміку Беларусі гіпэрінфляцыйнай, заявіў агенцтву прадстаўнік адной з кампаній.
“У канцы лістапада чакаецца прыняцьце кансалідаванага рашэньня кампаній “вялікай чацьвёркі” пра тое, каб прызнаць эканоміку Беларусі гіпэрінфляцыйнай”, — сказаў суразмоўца агенцтву Інтэрфакс.
У Беларусі дзейнічаюць усе чатыры найбуйнейшыя аўдытарскія кампаніі: PricewaterhouseCoopers, Deloitte, Ernst & Young, KPMG.
Ён растлумачыў, што гэтая кансалідаваная думка аўдытараў прадугледжвае абавязковае выкарыстаньне ў справаздачнасьці беларускіх банкаў і кампаній, якія выкарыстоўваюць МСФС, стандарт 29 “Фінансавая справаздачнасьць у гіпэрінфляцыйнай эканоміцы”.
Паводле яго слоў, “хутчэй за ўсё, аўдытары скажуць сваім беларускім кліентам пра неабходнасьць выкарыстаньня 29-га стандарту ў канцы лістапада”.
“Гэты стандарт выкарыстоўваецца пры наяўнасьці шэрагу прыкмет, якія дазваляюць лічыць нацыянальную эканоміку гіпэрінфляцыйнай. У прыватнасьці, колькасны крытэр — сукупная інфляцыя за 3 гады 100% і больш. Беларусь ужо перайшла гэты бар’ер”, — растлумачыў аўдытар.
Мінэканомікі Беларусі чакае інфляцыю ў 2011 годзе на ўзроўні 120% пасьля 9,9% у 2010 годзе і 10,1% у 2009 годзе.