Пазнайце сябе ў жніўні 91-га
25 жніўня 1991 году Беларусь аднавіла незалежнасьць, якой дамагаліся пакаленьні беларусаў. Гэтаму папярэднічалі драматычныя дні.
У першы дзень маскоўскага праімпэрскага путчу, 19 жніўня, да Дома ўраду ў Менску прыйшло некалькі сотняў людзей, якія запатрабавалі выкананьня Канстытуцыі, адстаўкі камуністычнага кіраўніцтва Беларусі, якое падтрымала путчыстаў. У другі дзень на чыгуначную станцыю сталіцы прыгналі закратаваныя вагоны, але на плошчы сабраліся тысячы. На трэці дзень людзей было яшчэ болей — прыйшоўшы раніцай на плошчу з трывогай, увечары яны віталі вестку пра правал путчыстаў; кіраўніцтва ВС мусіла прыняць рашэньне аб скліканьні нечарговай сэсіі. 24—25 жніўня на заклік дэпутатаў Апазыцыі БНФ на плошчы сабраліся дзясяткі тысяч, галасы плошчы даляталі ў Авальную залю. Старшыня Вярхоўнага Савету Дземянцей быў адпраўлены ў адстаўку, дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, і, нарэшце, быў нададзены канстытуцыйны статус Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце.
Мы зьмяшчаем хроніку плошчы тых дзён (пераважна — з архіву Ўладзімера Кармілкіна).