Дзень жалобы ў Маладэчна
Жыхарамі горада Маладэчна была арганізавана акцыя жалобы, каб ушанаваць памяць ахвяраў тэракту ў Менску 11 красавіка.
Акцыя была абвешчана ў інтэрнэце і на яе прыйшло каля 100 чалавек. Людзі сабраліся каля касцела на вуліцы Прытыцкага з кветкамі і свечкамі.
Мерапрыемства пачалося з хвіліны маўчання ў памяць аб ахвярах тэракту. Нечакана падчас акцыі міліцыя затрымала фатографа Яўгена Сухаверха, які рабіў фотаздымкі для “Рэгіянальнай газеты”.
Як паведаміў сам Яўген, міліцыянты ўзгадалі пра Закон “аб масавых мерапрыемствах” і пачалі распытваць пра тое, адкуль ен даведаўся пра акцыю і што на ёй рабіў.
“Я адказаў, што арганізатары мне невядомыя, запрасіў мяне сюды сябра, я раблю фотаздымкі, каб перадаць іх у рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты”, з якой перыядычна пазаштатна супрацоўнічаю. Размова адбывалася у міліцэйскай машыне, працягвалася яна некалькі хвілінаў, пасля чаго мяне адпусцілі. Перад тым, як мяне ў гэты аўтамабіль запрасіць, міліцыянт перапісаў мае ўласныя дадзеныя і хатні адрас” – паведаміў Яўген Сухаверх сайту charter97.org