У цэнтры Магілёва зьявіліся пікеты апазыцыйных кандыдатаў

Каманды дэмакратычных кандыдатаў дамагліся дазволу агітаваць у цэнтры Магілёва.

Першымі на пляцоўцы перад цэнтральным Домам быту і будынкам гарвыканкаму выставілі пікет з намётам паплечнікі Някляева. Крыху пазьней да іх далучыліся агітатары Андрэя Саньнікава.

Месца, дзе разьмясьцілі пікеты паплечнікі апазыцыйных кандыдатаў, падчас збору подпісаў у іх падтрымку магілёўцы называлі Пляцам вальнадумства. Тут побач з апазыцыянэрамі зьбірала подпісы і ініцыятыўная група дзейнага прэзыдэнта.

Агітаваць на пляцоўцы перад Домам быту зрабілася магчыма пасьля павелічэньня адміністрацыяй Ленінскага раёну колькасьці месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў кандыдатамі ў прэзыдэнты. Зьменаў у пастанове дамагаліся штабы апазыцыйных кандыдатаў. Згодна з пастановай раённай выканаўчай улады ад 8 лістапада пляцовак для агітацыі было тры. Цяпер жа іх стала дзевяць.

svaboda.org