Што паабяцала генэральны сакратар Рады Эўропы падчас сустрэчы з жонкай Алеся Бяляцкага
Натальля Пінчук бярэ ўдзел у захадах Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Натальля Пінчук перш за ўсё падзякавала Марыі Пэйчынавіч-Бурыч за «ўзрушаную рэакцыю» на прысуд Алесю Бяляцкаму і яго калегам, за гатоўнасьць надалей падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць у барацьбе за каштоўнасьці Рады Эўропы, паведамляе «Радыё Свабода».
Натальля Пінчук сказала, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, голас грамадзтва заглушаюць, рэжым уцягнуў Беларусь у расейскую агрэсію супраць Украіны:
«Рада Эўропы мае магчымасьці ўплываць на сытуацыю ў Беларусі ня толькі ў пэрспэктыве, а непасрэдна — праз маніторынг і ацэнку, праз каардынацыю палітыкі дзяржаваў-удзельніц. Беларускае грамадзтва не зьмірылася з захаваньнем дыктатуры і жыве памяцьцю пра 2020 год.
Беларускі народ катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў вайне супраць суседняй Украіны, зь якой практычна кожнага з нас лучаць асабістыя сувязі.
Важна аддзяляць, адрозьніваць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі, а Беларусь — ад Расеі. Беларусам глыбока чужыя імпэрскія памкненьні. Гэта і ёсьць прычына таго, што Лукашэнка дагэтуль не насьмеліўся загадаць беларускім войскам пераступіць мяжу з Украінай, а зусім ня тое, што ён быццам бы застаецца нейкім абаронцам незалежнасьці. Згода на расейскую ядзерную зброю ў Беларусі гэта паказала».
Натальля Пінчук расказала кіраўніцы сакратарыяту Рады Эўропы пра свайго мужа Алеся Бяляцкага, адзінага ў сьвеце ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў турме:
«Алесь Бяляцкі сымбалізуе для Беларусі свабодную думку. Ён супраць расейскага імпэрыялізму і на баку гераічнай Ўкраіны, свабодная будучыня якой і незалежная будучыня Беларусі ўзаемазьвязаныя. Значыць, справа Алеся Бяляцкага — гэта і ўклад у перамогу Ўкраіны.
Алесь прысьвяціў сваё жыцьцё адстойваньню таксама і права беларусаў на нацыянальную ідэнтычнасьць, на сваю мову і гістарычную памяць. Усё гэта зьнішчалі царская і камуністычная ўлада, а цяпер зьнішчае Лукашэнка ва ўгоду новаму расейскаму імпэрыялізму».
Марыя Пэйчынавіч-Бурыч у адказ абяцала, што Рада Эўропы будзе і надалей падтрымліваць і беларускіх палітвязьняў, і беларускае грамадзтва ў цэлым.
Яна расказала пра плян працы Рады Эўропы з дэмакратычным грамадзтвам Беларусі дзеля будучыні і падрыхтоўкі зьменаў. У плян уваходзяць 15 пунктаў, у тым ліку навучаньне моладзі, падрыхтоўка грамадзкай думкі да скасаваньня сьмяротнай кары, падтрымка ахвяраў рэпрэсіяў.
Натальля Пінчук падкрэсьліла: вызваленыя безь ніякіх умоваў мусяць быць Алесь Бяляцкі, усе праваабаронцы і ўсе палітычныя вязьні ў Беларусі, і гэта не прадмет торгу.
Разам з тым ужо цяпер трэба ратаваць жыцьцё і здароўе палітычных вязьняў, для чаго ўжываць розныя спосабы ўціску на ўлады ў Менску, сказала Натальля Пінчук.
24 красавіка прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тыні Кокс разам з лідэрамі палітычных групаў Асамблеі сустрэўся з блізкімі лідэра расейскай апазыцыі Ўладзімера Кара-Мурзы, асуджанага на мінулым тыдні на 25 гадоў турмы, а таксама зьняволеных беларускіх актывістаў Алеся Бяляцкага і Марыі Калесьнікавай. Усе трое — ляўрэаты прэміі ПАРЭ імя Вацлава Гаўла ў галіне правоў чалавека.
«Вы маеце сяброў з 46 дзяржаваў — чальцоў Рады Эўропы», — зьвярнуўся прэзыдэнт да прысутных жонкі Кара-Мурзы Яўгеніі і жонкі Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук.
«Мы разам з вамі ў гэты надзвычай цяжкі час». Ахвярамі несправядлівасьці сталі таксама сем’і і дзеці зьняволеных, адзначыў ён.