У Брэсце на «маўклівую рэвалюцыю» людзі прыйшлі… з сухарамі
8 чэрвеня жыхары Брэста далучыліся да агульнанацыянальнай акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».
Яе арганізатары праз сацыяльныя сеткі запрашаюць беларусаў раз у тыдзень, з 19 да 19.30, збірацца на галоўных плошчах і вуліцах сваіх гарадоў і на працягу паўгадзіны знаходзіцца там. Галоўная ўмова ўдзелу — не парушаць закон і, пакуль людзей не набярэцца дастатковая колькасць для прыняцця нейкіх сумесных рашэнняў, абысціся без лозунгаў і іншых атрыбутаў мітынгаў.
Акцыя стартавала на мінулым тыдні ў многіх гарадах Беларусі. Тады ў Брэсце на яе адгукнулася каля двух дзесяткаў удзельнікаў. Аднак сацыяльныя сеткі зрабілі сваю справу — 8 чэрвеня, нягледзячы на гарачыню, на цэнтральнай плошчы горада сабралася больш за сто чалавек.
Некаторыя прыйшлі з дзецьмі, а асабліва прадбачлівыя ўдзельнікі «сацыяльнай рэвалюцыі» — з сухарамі.
Акцыя прайшла без здарэнняў і завяршылася апладысментамі прысутных. Супрацоўнікі міліцыі і спецслужб толькі назіралі за мерапрыемствам з боку. Працяг ініцыятывы намечаны на наступную сераду — 15 чэрвеня.