У Гомелі ў першай серыі «маўклівай рэвалюцыі» ўзялі ўдзел 200 чалавек
Каля 200 чалавек сабраліся вечарам 8 чэрвеня на плошчы Леніна ў цэнтры Гомеля. Гэтае месца ў гараджан не карыстаецца папулярнасцю для прагулак і сустрэч, звычайна плошча пустая.
Сярод прысутных былі ў асноўным маладыя людзі. Хлопцы і дзяўчаты размаўлялі адзін з адным, гулялі ў мяч, каталіся па плошчы на скейтах і веласіпедах, пілі гарбату. Было некалькі сем’яў з дзецьмі. На акцыю прыйшлі вядомыя гомельскія музыканты, прадстаўнікі нефармальных маладзёжных рухаў. Мяркуючы па размовах і паводзінах, большасць удзельнікаў акцыі апалітычныя. Некалькі маладзёжных дэмакратычных актывістаў таксама ўдзельнічалі ў акцыі, але яны паведамілі БелаПАН, што ніякага дачынення да арганізацыі сустрэчы не маюць і самі даведаліся пра яе ад сяброў.
Лозунгаў прысутныя не выкрыквалі, сцягаў і іншай сімволікі не было. Пакантактаваўшы паміж сабой каля паўгадзіны, моладзь разышлася.
Супрацоўнікаў праваахоўных органаў у форме на плошчы не было, перашкодзіць правядзенню акцыі ніхто не спрабаваў.
Раніцай 8 чэрвеня ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб падрыхтоўцы акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Яе ініцыятары заклікалі жыхароў Беларусі прыйсці да 19.00 на галоўныя плошчы сваіх гарадоў і прабыць там да 19.30.
«Не трэба ніякіх сцягаў, транспарантаў, не трэба ніякай сімволікі. Проста гуляйце, стойце, знаходзьцеся на плошчы», — прапаноўвалася гараджанам. Ініцыятары заявілі, што акцыя будзе штотыднёвай: «Калі на плошчы будуць тысячы людзей, гэта будзе знак таго, што можна пачынаць больш актыўныя дзеянні. Але спачатку трэба выйсці».