Сёння ў Беларусі Дзень салідарнасці
У краіне і за мяжой пройдуць акцыі, мэта якіх – звярнуць увагу на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Дзень беларускай салідарнасці адзначаецца на працягу трох гадоў 16-га дня кожнага месяца. У Менску, у рэгіёнах Беларусі, за мяжой людзі вось ужо больш за тры гады выходзяць на плошчы сваіх гарадоў у знак салідарнасці з сем’ямі выкрадзеных і рэпрэсаваных актывістаў беларускай апазіцыі.
Акцыі праходзяць таксама ў знак салідарнасці з апазіцыянерамі, якія адбываюць сёння ў Беларусі тэрмін абмежавання волі. За ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў актывісты апазіцыі Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхась Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі. У снежні 2008 года за гэтую ж акцыю актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да 1 года абмежавання волі.
Усе гэтыя людзі ў любы момант могуць быць арыштаваныя і адпраўленыя ў турму.
Ініцыятарамі Дзён беларускай салідарнасці тры гады таму сталі лідэр ініцыятывы «Мы памятаем», удава зніклага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская, вядомая журналістка Ірына Халіп і моладзевы лідэр Мікіта Сасім. Ідэя праводзіць Дні салідарнасці нарадзілася пасля таго, як 16 верасня 2005 года, ва ўгодкі знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара і бізнэсмэна, грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зніклых і адабрала ў яе ўдзельнікаў партрэты зніклых палітыкаў (людзі трымалі ў руках таксама партрэты выкрадзеных у Беларусі экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага) і нацыянальныя сцягі. У той дзень моладзевы лідэр Мікіта Сасім узняў над галавой сваю джынсавую кашулю як знак супраціву дыктатуры.