«Самае галоўнае, што павінныя рабіць беларусы — ратаваць палітвязняў»
Андрэй Саннікаў пра войскі НАТА ў Беларусі, будучую вайну і ядзерную зброю.
У інтэрв’ю «Рацыі» лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў, што Крэмль рыхтуе напад з тэрыторыі Беларусі на Украіну. Гэта азначае ўдары ў адказ па нашай тэрыторыі. Вайна — магчымая, як і з’яўленне жаўнераў НАТА ў Беларусі.
У інтэрв’ю палітык таксама абгрунтаваў, чаму нельга адмяняць санкцыі. Па словах экс-намесніка міністра замежных спраў Беларусі, цяпер санкцыі працуюць не да канца:
– Зерне ідзе. Польшча і Літва — самыя жорсткія крытыкі рэжыму Лукашэнкі. З імі таваразварот у Беларусі на першых месцах у Еўропе. Пакуль не будуць закрытыя гэтыя дзіркі, не пачнуць працаваць сапраўдныя санкцыі, нельга пра іх казаць. Гэта такі аргумент, які мы чуем кожны раз, калі яны (краіны Захаду) уводзяць санкцыі. Увялі санкцыі, яны папрацавалі два гады, а потым прапаноўваюць іх зняць. Гэта тое, што і Пуцін, і Лукашэнка добра ведаюць. Што Захад стоміцца ад сваіх жа санкцый і пачне іх здымаць. Нельга зараз гэтага дапускаць.