Адзіны варыянт бяспекі для свабоднай Беларусі пасля вайны — гэта ўступленне ў НАТА

У Варшаве афіцыйна прадстаўлены зборнік артыкулаў на тэму бяспекі ў рэгіёне.

«Беларусь у НАТА» – так называецца зборнік артыкулаў на тэму бяспекі ў рэгіёне. Кніга была афіцыйна прадстаўлена ў Варшаве 27 лютага 2024 года.

Артыкулы падрыхтаваў і адрэдагаваў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Спасылка на PDF-копію кнігі прыведзена ніжэй.

У прадмове да кнігі Андрэй Саннікаў піша:

– Пасля вайны, якую Расея распачала супраць Украіны, мяняецца архітэктура еўрапейскай, а фактычна і трансатлантычнай бяспекі. Еўрапейскія краіны, асабліва ва ўсходняй частцы кантынента, ужо сур’ёзна пераглядаюць сваю палітыку бяспекі, каб прыстасавацца да новых або ўзноўленых выклікаў, у тым ліку вайны, для забеспячэння стабільнага міру на кантыненце і ва ўсім свеце.

Асобная роля ў гэтым працэсе перагляду і пераасэнсаванні належыць «шэрым зонам». Беларусь — адна з іх, і вельмі важная. З’яўляючыся акупаванай дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, які паставіў краіну ў поўную залежнасць ад Расеі, Беларусь стала плацдармам для маштабнага расейскага нападу на Украіну.

У той жа час масавыя пратэсты 2020 года супраць уладарання Лукашэнкі прадэманстравалі свету, што Беларусь не пацярпіць гэты рэжым, і ягоны крах — толькі пытанне часу.
Відавочна, што адзіны варыянт бяспекі для свабоднай Беларусі пасля вайны — гэта як мага хутчэйшае ўступленне ў НАТА.

Мэта гэтага праекта — вывучэнне не толькі магчымасцяў, але і практычных аспектаў будучага сяброўства Беларусі ў НАТА, разгляд пераваг і магчымых перашкод на гэтым шляху.
Серыя артыкулаў вядомых аўтараў, якія валодаюць унікальным досведам і разуменнем праблем бяспекі ў рэгіёне і сваіх краінах, дазваляе зірнуць на гэтае пытанне з розных пунктаў гледжання.

Беларусь мяжуе з Расеяй з аднаго боку, з другога – з краінамі, якія з’яўляюцца сябрамі НАТА, і Украінай, якая паставіла сваёй канстытуцыйнай мэтай стаць сябрам НАТА.
Як паказвае гісторыя, усходні сусед Беларусі ніяк не можа служыць чыннікам бяспекі. Акурат наадварот: на працягу стагоддзяў Расея была крыніцай небяспекі і пагрозай для незалежнасці і самога існавання Беларусі.

Балтыйскія суседзі Беларусі і Польшча зрабілі выбар на карысць бяспекі, якая гарантуецца NАТО, і далучыліся да Альянсу, як толькі гэта стала магчымым.
Іх досвед і рэкамендацыі каштоўныя для абмеркавання гэтай тэмы.

Аўтары артыкулаў адзначаюць цяжкасці, з якімі сёння сутыкаецца Беларусь і з якімі яна сутыкнецца пры ўступленні ў НАТА. Пры гэтым падкрэсліваюцца бясспрэчныя перавагі такога сяброўства для бяспекі Беларусі і еўрапейскай бяспекі.

Новая архітэктура бяспекі, грунтаваная на калектыўным палітычным і вайсковым патэнцыяле еўрапейскіх краін, з’яўляецца абавязковай умовай квітучай і мірнай Еўропы, і Беларусь мае быць часткай такой Еўропы.

Спасылкі на PDF-копію кнігі:

Беларусь у НАТА — BEL (PDF)

Belarus In NATO – EN (PDF)

Беларусь в НАТО — RU (PDF)

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *