Этапаваньне Паліны Шарэнды-Панасюк у псыхіятрычны шпіталь працягвалася тры тыдні
Яе стан здароўя значна пагоршыўся.
29 чэрвеня Паліну Шарэнду-Панасюк прывезьлі на экспэртызу ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках у Менску. Пра меркаваны маршрут Паліны з калёніі расказаў «Радыё Свабода» муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда.
«Толькі сёньня яе, відаць, адвезьлі з „Валадаркі“ ў Навінкі, бо туды этап толькі па серадах. А ўвесь шлях з калёніі заняў амаль тры тыдні: 5 чэрвеня яна была яшчэ ў калёніі пад Рэчыцай, і адтуль яе павезьлі не адразу ў Менск, а спачатку чамусьці ў Магілёў — мы атрымалі праз „турэмны тэлеграф“ вестку, што яе там бачылі. Там прабыла недзе тыдзень, і павезьлі на цягніку ў адваротны бок — праз Гомель на Баранавічы. У Баранавічах, відаць, яе зноў пратрымалі недзе тыдзень. Спадзяюся, у шпіталі ў Навінках дазволяць нешта ёй перадаць, бо пасьля такога даўгога этапу жонцы вельмі патрэбная падтрымка харчамі і лекамі», — расказаў Андрэй Шарэнда.
Паводле зьвестак ад Паліны Шарэнды-Панасюк, яе стан здароўя ў калёніі № 24 пад Рэчыцай значна пагоршыўся. Выпрабаваньні этапам зусім не спрыялі выздараўленьню, лічыць муж палітзьняволенай.
«Уявіце, што такое этап для асуджанай, якую прызналі схільнай да экстрэмісцкіх дзеяньняў? Усю дарогу рукі счэпленыя кайданкамі, а трэба яшчэ і свае рэчы пераносіць. Гэта суцэльная пакута! Не кажу ўжо пра пабытовыя нязручнасьці, якіх у цягніку вельмі шмат. І лекаў патрэбных не даюць, бо мэдычная дапамога зусім ня тая, што ў сталай калёніі. Таму і лічу, што гэта жах, што Паліне давялося перажыць! Яе наўмысна падвяргаюць такому абыходжаньню, помсьцяць за непахісную пазыцыю», — мяркуе муж палітзьняволенай.
У траўні 2023 году стала вядома, што ў вязьніцы, пратэстуючы супраць перасьледу, Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася ад беларускага грамадзянства. На гэты момант палітзьняволеная ўжо атрымала дадатковы год зьняволеньня па 411-м артыкуле нібыта «за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі». Агульны тэрмін у тры гады для яе павінен скончыцца ў жніўні 2023 году, але нядаўна супраць Паліны правялі новае сьледзтва, зноў паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу. У яго межах было пастаноўлена адправіць Паліну Шарэнду-Панасюк на псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі.
У сям’і Шарэндаў два непаўналетнія сыны. Андрэй Шарэнда, які зь дзецьмі пражывае ў Вільні, мяркуе, што жыцьцю ягонай жонкі існуе пагроза, і з гэтай прычыны зьвяртаўся да міжнародных арганізацый з заклікам аб дапамозе.
Сярод тых, хто адгукнуўся, — дэпутатка Эўрапейскага парлямэнту з Партугаліі Ізабэль Сантуш, якая ўзялася быць «хроснай» Паліны Шарэнды-Панасюк.
«Я падтрымліваю Паліну Шарэнду-Панасюк. Ніхто не павінен быць у турме за абарону свабоды. Кожны чалавек павінен мець магчымасьць выказваць сваю думку і мець права не пагаджацца з рэпрэсіўнымі ўрадамі. Арышт, суд і зьняволеньне Паліны Шарэнды-Панасюк, як яна сьцьвердзіла падчас працэсу, „не зьяўляюцца законнымі: я іх не прызнаю“. Спадар Лукашэнка, вызваліце Паліну і ўсіх астатніх палітвязьняў!» — заявіла яна.
Як расказаў Андрэй Шарэнда, «хросная» ягонай жонкі эўрадэпутатка Ізабэль Сантуш накіравала ўжо некалькі лістоў беларускім уладам з заклікам спыніць перасьлед Паліны, але не атрымала ніводнага адказу.