Паліна Шарэнда-Панасюк спрабуе аспрэчыць апошняе судовае рашэнне
Палітзняволеная лічыць, што перамагчы рэжым змогуць санкцыі і перамога Украіны ў вайне з расейскім фашызмам.
Актывістка “Еўрапейскай Беларусі”, палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк спрабуе аспрэчыць апошняе судовае рашэнне, паведамляе racyja.com.
Па рашэнні суддзі суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалая Крупадзёрава, Паліне дадалі яшчэ адзін год калоніі нібыта за злоснае непадпарадкаванне загадам адміністрацыі калоніі, кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда:
– Дата апеляцыі прызначаная на 8 чэрвеня. Да 8 чэрвеня Паліна будзе знаходзіцца ў СІЗА Гомеля. Наконт апеляцыяі ў мяне ніякіх сумневаў няма, чым яна скончыцца. Фактычна прысуд будзе пацверджаны. І пасля гэтага Паліна будзе этапаваная хутчэй за ўсё ў магілёўскую крытую турму.
Паводле Андрэя Шарэнды, Паліна ўдзячная людзям за падтрымку. Яна па-ранейшаму лічыць, што перамагчы рэжым змогуць санкцыі і перамога Украіны ў вайне з расейскім фашызмам:
– Нельга паддавацца, толькі жорсткія санкцыі могуць дапамагчы палітвязням выйсці на волю. Паліна таксама ведае пра тое, што зараз адбываецца ва Украіне. Яна ўпэўненая, што Украіна пераможа. І гэта будзе першы крок да нашай агульнай перамогі.
Нагадаем, што Паліну Шарэнду-Панасюк першапачаткова асудзілі на два гады зняволення за непадпарадкаванне міліцыі і іх абразу, а таксама за абразу Лукашэнкі. У пачатку верасня 2022 года яна павінна была выйсці на волю.