Андрэй Шарэнда: Прыйдзе час — і ўнукі будуць чытаць прамову Паліны ў падручніках гісторыі
Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» стала аднім з сімвалаў нашай рэвалюцыі.
Больш за месяц няма інфармацыі аб знаходжанні палітвязня і актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнды-Панасюк.
Сайт stranafund.org апублікаваў шчырую размову з яе мужам Андрэем Шарэндам.
– Як бы вы ахарактарызавалі Паліну: што гэта за чалавек?
– Паліна для мяне самі галоўны, самы любімы чалавек. Мы з ёй ужо знаёмыя без малага 16 год. У шлюбе мы 13 год – у нас двое дзяцей. Таму мы зараз як адно цэлае.
Па адукацыі яна гісторык. Скончыла Брэсцкі гуманітарны універсітэт по спецыльянасці гісторыя. Пазней вучылася ў Варшаве на палітоголага, скончыла там магістратуру. Працавала у Інтстытуце памяці нарадовай у Польшчы. Да свайго арышту яна была рэпетытарам па польскай мове. Я і Паліна – мы беларусы. Патрыёты сваёй радзімы і не бачым сваёй будучыні недзе там, за мяжой.
– Яна берасцейка?
– Так, яна нарадзілася ў Мінску, але ўсё жыццё пражыла ў Брэсце. Скончыла тут школу і ўніверсітэт.
– Вашае вяселле было 13 год таму. Вы – у нацыянальных строях. Чыя гэта была ідэя?
– Так, мы насілі вышыванкі калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам (смяецца). Нас з Палінай аб’яднала любоў да Беларусі, любоў да роднай мовы, культуры. Таксама мы былі ў пратэстных арганізацыях “Зубр”, “Еўрапейская Беларусь”. Таму да нас прыйшла ідэя браць шлюб у нацыянальных строях. Гэта павага да нашых продкаў у тым ліку.
– Як да гэтага паставіліся родныя, супрацоўнікі ЗАГСу?
– Толькі станоўчыя эмоцыі былі. Там было яшчэ некалькі параў, калі мы распісваліся. Але яны былі апранутыя стандартна – белыя сукенкі, чорныя строі. Яны ўсе хацелі з намі сфатаграфавацца. Ніякіх адмоўных эмоцый дакладна не было.
– У сям’і ж вы таксама размаўляеце па-беларуску?
– Так, у нас беларускамоўная сям’я. А дзеці – класічныя білінгвы: добра размаўляюць і па беларуску, і на расейскай мове. Мова – гэта сродак зносінаў. Няма праблемы, калі дзеці размаўляюць на адной мове дома і на іншай на вуліцы, ці ў школе. У сям’і мы заўсёды карыстаемся беларускай мовай.
– Колькі зараз вашым дзецям год і дзе яны зараз знаходзяцца?
– Малодшаму сыну пяць, старэйшаму дванаццаць. Так, яны засталіся ў Беларусі. Сітуацыя такая, што Паліна за кратамі, а я быў вымушаны пакінуць Беларусь. Я гляджу на гэта цвяроза і веру, што тыя працэсы, што пачаліся год назад – незваротныя, і скора мы ўсе зможам вярнуцца ў Беларусь.
Так, я не разглядаў шляхі адыхода – як вывозіць дзяцей. Зразумела, калі ўсё гэта зацягнецца, я буду разглядаць магчымасць як іх вывозіць за мяжу і шукаць варыянты са школай. Але пакуль яны ў Беларусі. Жывуць з маімі бацькамі. Маці Паліны таксама дапамагае.
Можа хтосьці спытае, чаму я не з дзецьмі зараз. Але я прытрымліваюся такого пункта гледжання, што мы ў мінулым годзе перамаглі. У сэнсе, што нас большасць. Дзецям зараз нічога не пагражае. Грамадства проста не дазволіць рэжыму што-небудзь зрабіць з дзецьмі.
– То бок, ніякага ціску на вас, або вашых бацькоў праз дзяцей не было?
– Ціск быў, калі мы з Палінай знаходзіліся на волі. Была мэта перапыніць нашу дзейнасць. Але гэты ціск заўсёды сутыкаўся з супрацьдзеяннем з боку простых людзей, якія выступалі супраць гэтага. Таму далей нейкіх папярэджанняў справа не ішла, і, спадзяюся, не пойдзе.
А ў нашай сітуацыі, калі мама знаходзіцца ў турме, для дзяцей пераезд у іншае месца быў бы вялікім стрэсам. Я пакуль хачу пазбегнуць гэтага. Каб хоць на нейкі час яны заставаліся ў Брэсце. У старэйшага сына шмат сяброў у Беларусі, яго цяжка выцягнуць з краіны, каб не страціць сувязі з радзімай.
Паўтаруся, калі ўсё гэта зацягнецца, тады давядзецца дзяцей везці да мяне, бо ім патрэбныя бацькі. Але, спадзяюся, усё ў нашых руках. Мы павінны рабіць усё, каб наша перамога прыйшла як мага хутчэй.
– Не першы раз узнікае тэма з ціскам на актывістаў праз іх дзяцей. Чаму так адбываецца?
– Думаю, дзейнічае сістэма. Яны спрабуюць усе варыянты – турма, звальненне з працы. І вось, варыянт з дзецьмі. Але у выпадку, калі за нас большасць, думаю гэтыя пагрозы будуць безпадстаўнымі. Напрыклад, нашымі з Палінай дзецьмі апякуецца шмат людзей, у тым ліку настаўнікі.
– Раскажыце, як арыштавалі Паліну.
– Паліну некалькі разоў затрымоўвалі паміж жніўнем і снежнем, але з-за таго, што у нас дзеці, яе хутка адпускалі. Выпісвалі хіба што штрафы. Ну, можа, некалькі сутак адседзела. Дарэчы, у адзін момант мы сядзелі ў адным будынку і нават у суседніх камерах. Маглі перастуквацца там.
За перыяд са жніўня па лістапад мяне затрымлівалі шэсць разоў. Агулам у вязніцы да таго моманту як арыштавалі Паліну (гэта адбылося 3 студзеня 2021 года), я правёў 85 сутак. Пасля новага году дома у нас быў вобшук і затрымалі маю жонку. На яе адразу завялі артыкул за знявагу лукашэнкі, пагрозу гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў. Яе зачынілі ў СІЗА. Арышт гэты быў спланавай правакацыяй. Уявіце, дзесятак чалавек выбіваюць дзверы ў кватэру кувалдай.
Зразумела, што яны ішлі проста яе забраць.
І я, і Паліна даўно змагаліся з рэжымам. Былі вядомымі актывістамі ў горадзе. Напрыклад, у 2019 годзе мы праводзілі кампанію па абуджэнню людзей. Рабілі пікеты ў цэнтры Брэста. Стаялі з бел-чырвона-белымі сцягамі (тады за гэта яшчэ не затрымлівалі). Паліна выступіла на тэлебачанні (як удзельнік выбарчай кампаніі ў парламент) і здолела данесці сваю пазіцыю, у тым ліку назвала лукашэнку дыктатарам.
Канешне з боку рэжыму накапілася помста, таму і адбылася такая правакацыя.
– Як дзеці ўспрынялі такое брутальнае затрыманне Паліны, зламаныя дзверы?
– На шчасце, старэйшага не было дома. Малодшы няшмат зразумеў. Казаў толькі, што “прыйшлі злыя людзі і забралі маму”.
Мяне тады адпусцілі з ІЧУ. Павінен быў адбыцца яшчэ адзін суд, але я на яго не пайшоў. Узяў дзяцей і на некаторы час з’ехаў за горад. Каб трохі адпачыць, зняць стрэс з дзяцей. Больш-меньш яны адышлі, псіхіка вастанавілася. Людзі вельмі дапамаглі. Прыходзілі, пыталіся чым дапамагчы, прыносілі нейкія падарункі дзецям. Я вельмі ўдзячны ім. Важна было зразумець, што ты не адзін. Што ёсць салідарнасць, якая у рэшце рэшт і прывядзе нас да перамогі.
– Вы прысутнічали на судзе над Палінай?
– Увесну на мяне пасыпаліся крымнальныя артыкулы (за масавыя дзеянні, якія парушаюць парадак, за клевету на прэзідэнта, за нанясенне шкоды дзяржаўным інтарэсам з дапамогай закліка да санкцый). У рэшце рэшт мяне арыштавалі і пасадзілі пад хатні арышт. Гэта было за тыдзень да суда над Палінай.
Следчыя мне казалі, што мне непажадана туды ісці (на суд), але я не мог паступіць інакш. На той момант я яе амаль паўгады не бачыў. Я быў на судзе, на судзілішчы над годным, мужным чалавекам. Паліна паказала, як трэба сябе паводзіць. Гэта спектакль, а не суд. Таму галоўную ролю павінны граць не гэтыя ўсе, а самі падсудныя. У Паліны гэта атрымалася. Яна стала сапраўдным сімвалам.
– Вы маеце на ўвазе яе заключную прамову ў судзе?
– Так. Я не сумняваўся. Паліна чалавек з нязломнай воляй, якога нішто не можа пахіснуць у яе поглядах. Тое, што яна сказала на судзе, вынікае з яе характара. Яна заўсёды кажа праўду у вочы.
Трэба было бачыць таго суддзю. Ён проста не ведаў як сябе паводзіць, як хутчэй скончыць працэс. І дарэчы, адвакат потым сказаў, што такіх хуткіх судоў у яго практыцы не было. Суддзя спяшаўся, быў гатовы скончыць усё за дзень. Але Паліна ўсё роўна здолела данесці свае ідэі і погляды праз прамову.
Я ўпэўнены, што яе словы войдуць у гісторыю. Прыйдзе час і можа ўнукі мае і Паліны будуць чытаць яе прамову ў падручніках гісторыі сучаснай Беларусі (усміхаецца).
– Як думаеце, чаму суддзі, пракуроры ва ўсім гэтым удзельнічаюць?
– Некалькі суддзяў адмовіліся браць удзел у працэсе. Знайшлі, як бачым, такого самага адданага. Ён выконвае загады, можа лічыць сябе такой бяздушнай машынай. Сістэма, на жаль, працуе. Такая ў гэтых людзей роля. Упэўнены, гэтым “вінтыкам” прыдзе час адказваць за свае дзеянні перад справядлівым судом.
– Пасля суду над Палінай вы з’ехалі з Беларусі?
– Так, адзінае, што мне ўдалося сустрэцца з Палінай. У нас было кароткае спатканне. Зразумела, нармальна паразмаўляць мы не змаглі. Паліна зрабіла галоўны пасыл, што трэба ехаць і працягваць барацьбу. З дапамогай сяброў я апынуўся у Літве. Не дзеля таго каб схавацца, а каб працягваць барацьбу, працягваць рабіць усё, каб Беларусь стала вольнай, а палітвязні выйшлі на волю. Я вельмі ўдзячны фонду “Краіна для Жыцця”, які таксама ўдзельнічае ў гэтай барацьбе.
Я заклікаю людзей у тым ліку сваім прыкладам, каб яны не спыняліся, а дзейнічалі. Галоўны прынцып і мой, і Паліны: ніколі не спыняцца і тады перамога будзе.
– Вы апублікавалі зварот, у якім сказалі, што ні вы, ні адвакат не маеце сувязі з Палінай ужо на працягу месяца. Чаму так адбываецца? Чаму існуе такая інфармацыйная блакада?
– У ПК-4 у Гомелі проста мэтанакіравана ламаюць людзей. Аб гэтым я ведаю ад родных іншых палітвязняў. Той жа Вольгі Класкоўскай, Соф’і Малашэвіч, Наталлі Хершэ. Яны адмаўляюцца працаваць на гэтую сістэму, шыць форму для АМАПу.
Паліна таксама ні на якае супрацоўніцтва з адміністрацыяй не пойдзе. Яна толькі у СІЗА адбыла больш за 40 сутак у карцары. На яе быў ціск у выглядзе экспертызы ў “Навінках” (псіхятрычным дыспансары). Таму далей працягваецца ціск на яе, хочуць зламаць яе волю. Але я ўпэўнены, што яна вытрымае, Паліна моцны чалавек.
Мой зварот зроблены каб прыцягнуць увагу да таго, што ў цэнтры Еўропы зараз катуюць жанчын. Проста ў горадзе, у папраўчай калоніі. Гэта сярэднявечча, калі людзей за погляды не проста саджаюць у турмы, але і ствараюць там невыносныя ўмовы. Гэтую тэму трэба асвятляць.
А ўсім беларусам нагадаю, што толькі нашыя дзеянні дазволяць вызваліць усіх тых людзей, што знаходзяцца ў турмах.