Пяць крокаў да перамогі
Рабіць кожны дзень дзеля Беларусі!
«Калі дзесяць адсоткаў насельніцтва прытрымліваюцца падобных поглядаў, гэтага дастаткова, каб на іх бок перайшла і большая частка грамадства», — гэта вынікі даследавання вучоных пры Палітэхнічным інстытуце Рэнселіра ў ЗША. Нас шмат, гэта відавочна. Дык у чым жа справа?
Мяркую, не толькі ў колькасці актыўных грамадзян, але і ў напрамку іх актыўнасці. Можна бясконца хадзіць па вуліцах вялікім натоўпам, але істотных вынікаў не дасягаць. Так, калі мы прымаем удзел у шматтысячным маршы, атрымліваем адчуванне, што нас шмат, і гэта дадае ўпэўненасці ў сваіх сілах і правільнасці абранага шляху. Але што далей? Гэта актыўнасць павінна мець нейкі працяг. І тут кожны можа вызначыць межы сваіх дзеянняў. «Не спрабуйце ахапіць бязмежнае», — кажа старажытная мудрасць.
Крок першы
Пачніце з невялікіх, на першы погляд, спраў. У вас ёсць былы аднакласнік, які пайшоў на службу ў міліцыю, альбо суседка, якая працуе ў гарвыканкаме? Можа быць, вашыя бацькі глядзяць беларускае тэлебачанне і вераць у тое, што беларускімі пратэстамі кіруюць «заходнія лялькаводы»? Пачніце з іх. Размаўляйце з імі, тлумачце нейкія відавочныя для вас рэчы. Але галоўнае: не рабіце з іх ворагаў. Яны таксама беларусы. Можа здарыцца, што гэта будзе нялёгка, можа быць, прасцей сабаку навучыць лётаць, але няма нічога немагчымага. Ды ўвогуле, пра якія імклівыя змены можна казаць, калі нават у сваім асяродку быццам бы аднадумцаў мы знаходзім людзей, якія прытрымліваюцца іншых поглядаў! Трэба рабіць усё дзеля таго, каб нас сапраўды было 97 адсоткаў. Ну а «3%» заўсёды застануцца.
Крок другі
У вашым асяродку ўжо ўсе маюць падобныя на вашы погляды? Тады наступны крок. А наколькі ваш асяродак актыўны? Што кожны чалавек робіць штодня, каб наблізіць змены ў лепшы бок? Ці няма побач з імі людзей, якія супраць пераменаў? Калі ёсць, пераканайце вашых знаёмых таксама паразмаўляць з такімі. Нават калі ў першай размове яны сутыкнуцца з непрыманнем і жорсткім негатывам ў свой бок, важна працягваць дзяліцца з гэтымі людзьмі сваімі поглядамі і думкамі, бо існуе вялікая верагоднасць, што людзі на тым баку рэдка, а то і ніколі не сутыкаюцца з альтэрнатыўным меркаваннем, а ў нашай справе вялікую ролю грае ўключанасць. Можа так здарыцца, што іх апанент дзевяць раз паслухае і абурыцца, а на дзясяты згадзіцца з імі, а гэта ўжо крок да перамогі.
Крок трэці
Што яшчэ можна рабіць, апроч таго, што размаўляць ды тлумачыць? Дапамагаць людзям, якім патрэбна наша падтрымка. Дасылайце лісты палітвязням, рабіце грашовыя пераводы, дапамагайце іх сем’ям. Дапамагайце тым, хто быў звольнены з працы за свае погляды. Дапамога можа быць самай рознай. Важна, каб кожны з нас разумеў, што ніхто не застанецца сам-насам са сваімі праблемамі. Наша моц у салідарнасці!
Крок чацвёрты
Робіце ўсё з вышэйпералічанага, а выніку няма? Тады ў мяне для вас яшчэ некалькі інгрыдыентаў рэцэпта перамогі — культурніцкіх. Як даўно вы чыталі газету альбо кнігу на беларускай мове? Ці слухаеце вы беларускую музыку? Ці набываеце карціны беларускіх мастакоў? Калі зусім ніколі або рэдка, раю пачаць рабіць гэта ва ўсю моц: падпісацца на беларускамоўныя выданні «Наша Гісторыя» і «Дзеяслоў», газету «Новы Час», пачаць слухаць беларускамоўных выканаўцаў ды ўпрыгожваць сцены сваіх дамоў працамі беларускіх мастакоў.
Дарэчы, у вас ужо ёсць томік Быкава альбо Караткевіча? Калі няма, дык варта хутчэй набыць. Калі ёсць, то ўсё роўна набыць і зрабіць падарунак каму-небудзь са сваіх блізкіх. Культура выпрацоўвае агульныя каштоўнасці, таму нам важна ўключанасць у беларускі кантэкст! Вы ведаеце каго-небудзь, хто б чытаў Віктара Марціновіча, слухаў Лявона Вольскага, а потым ішоў і збіваў людзей у пастарунку? Калі так, то вы сутыкнуліся з выключэннем.
Крок пяты
Нам важна павялічваць нашу колькасць. Закон дыялектыкі кажа, што колькасць пераходзіць у якасць. Калі збярэцца 10 адсоткаў актыўных грамадзян, тады можна чакаць перамогу. А калі больш? Тады перамога будзе хутчэйшай. Рабіць кожны дзень дзеля Беларусі!
Марцін Мельнікаў, «Новы Час»