Яўген Афнагель: Лукашэнка проста ў паніцы
У Беларусі такога ніколі не было
„Зараз у Беларусі складаецца сітуацыя, з аднаго боку складаная, а з іншага – унікальная. Мы бачым, што Лукашэнка проста ў паніцы” — кажа каардынатар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель.
Гэта праявілася і ў апошнюю нядзелю, калі шмат тысячаў грамадзянаў, асабліва шмат у Менску, каля Камароўскага рынку, выстойвалі велізарныя чэргі, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую і іншых альтэрнатыўных кандыдатаў. А з іншага боку, міліцыя ліхаманкава затрымлівала актывістаў, сябраў ініцыятыўных групаў:
– Ніколі такога не было, каб праз тыдзень пасля пачатку выбарчай кампаніі, збору подпісаў, арыштоўвалі кіраўніка выбарчага штабу кандыдата. Таму зараз усё залежыць ад нас, ад салідарнасці. Мы можам дабіцца вызвалення Сяргея Ціханоўскага і я думаю, што мы даб’емся гэтага. Мы можам дабіцца ў гэтым годзе сыходу Лукашэнкі, я думаю мы даб’емся гэтага.
Вельмі добра, што тысячы людзей, што чарга да Якуба Коласа, што ўсе ідуць ставіць подпісы за ўсіх кандыдатаў. Мы бачым, што ў грамадства адно патрабаванне – хто заўгодна, апроч Лукашэнкі.
І таму я думаю, кажа Яўген Афнагель, што гэтая хваля, якая паднялася, прынясе свае вынікі, прынясе сваю карысць. І мы нарэшце даб’емся сыходу дыктатара.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск