Адвакат: Алесь Круткін аптымізму не губляе
Стала вядома, што адбываецца з актывістам «Еўрапейскай Беларусі».
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алесь Круткін працягвае адбываць пакаранне ў Полацкім ізалятары часовага ўтрымання.
«Нарэшце даведаліся, як справа ў сына», – распавяла сайту https://palitviazni.info маці актывіста.
Нагадаем, што 28 студзеня Алесь Круткін быў асуджаны на 15 сутак Полацкім раённым судом. Яго пакаралі за ўдзел у мірных акцыях у абарону незалежнасці краіны, якія праходзілі ў Мінску ў снежні 2019 году.
Як паведамляла «Еўрапейская Беларусь», суд над актывістам прайшоў у закрытым рэжыме, інфармацыя пра яго стала вядомая толькі пасля таго, як актывіста даставілі ў Полацкі ізалятар часовага ўтрыманьня.
Дададзім, што ў лістападзе Алесь Круткін таксама патрапіў на 15 сутак за рэпост ў сацыяльных сетках. Суддзя палічыў, што публікацыя ўтрымоўвала «заклік на незаконнае мерапрыемства на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску».
«28 студзеня мне патэлефанаваў участковы і паведаміў, што ў Віцебску сына затрымалі, – кажа маці актывіста. – Да гэтага яго вельмі шукалі. За два дні да затрымання дадому прыходзіла міліцыя ў 9 гадзін раніцы, каб мне ўручыць павестку для Алеся. Я не распісвалася, сказала, што сын ужо дарослы і ў стане сам распісацца».
Алесь Круткін з 28 студзеня знаходзіцца ў Полацкім ізалятары часовага ўтрымання, і працяглы час да яго не мог патрапіць адвакат.
«Спачатку знайшлі полацкага адваката,але жанчына праз нейкі час адмовілася абараняць інтарэсы сына. Быццам з-за таго, што захварэла, хаця не выключана, што і не захацела, каб не займець сабе праблем, – адзначае суразмоўца. – Пасля тэрмінова заключылі дамову з мінскім адвакатамі, і той 4 лютага наведаў Алеся».
Са слоў адваката, Алесь Круткін знаходзіцца ў камеры на дваіх чалавек і аптымізму не губляе.
«Ад імя Алеся пададзена скарга ў Віцебскі абласны суд, але 3 лютага адваката не пусцілі ў ІЧУ, – дадае маці актывіста. – Сказалі, што, маўляў па панядзелках нельга наведваць. А панядзелак, 3 лютага, якраз і быў апошнім днём падачы скаргі, таму ў суд скаргу адправілі без подпіса. Зрэшты, гэта фармальная працэдура, бо Алесь усё роўна выйдзе раней, чым суд разглядзіць скаргу».