«Еўрапейская Беларусь» аб святкаванні 100-годдзя БНР
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» заклікае сваіх прыхільнікаў прыняць удзел у мітынгу-канцэрце 25 сакавіка.
Дзень Волі, дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі даўно ўжо павінен стаць дзяржаўным святам, як і належыць у нармальных дзяржавах.
На жаль, дагэтуль беларусы вымушаныя сутыкацца з супрацівам цяперашніх уладаў пры арганізацыі свайго свята. Нават 100-я ўгодкі БНР, дата сусветнага маштабу, не стала выключэннем.
Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК), у склад якога ўваходзіць грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», паслядоўна бароніць нацыянальныя інтарэсы, правы і свабоды грамадзян, у тым ліку і права годна адзначаць памятныя даты беларускай гісторыі. Шмат у чым дзякуючы пазіцыі БНК улады вымушаныя былі санкцыянаваць мерапрыемства для святкавання 100-годдзя. Шмат у чым дзякуючы асабістай мужнасці Мікалая Статкевіча ўлады дазволілі канцэрт у цэнтры Мінска, а не на яго ўскраінах.
БНК паслядоўна дамагаўся супольнай пастановы ўсіх дэмакратычных сіл аб фармаце мерапрыемства. На жаль, некаторыя ўдзельнікі аргкамітэту для святкавання Дня Волі пайшлі на сепаратныя перамовы з уладамі. Сваімі дзеяннямі яны перавысілі свае паўнамоцтвы і наўмысна справакавалі канфлікт унутры аргкамітэта, выгадны толькі цяперашняй уладзе.
«Еўрапейская Беларусь» уважае такія дзеянні недапушчальнымі. Аднак, не жадаючы нікому даваць падставы для распальвання штучнага канфлікту, «Еўрапейская Беларусь» прыняла пастанову падтрымаць канцэртны фармат святкавання 100-годдзя БНР.
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» заклікае ўсіх сваіх прыхільнікаў узяць удзел у мітынгу-канцэрце ля Опернага тэатра ў Мінску, годна адзначыць 100-гадовы Дзень Волі.
У той жа час «Еўрапейская Беларусь» з павагай ставіцца да тых людзей, якія плануюць узяць удзел у традыцыйным святочным шэсці ў Мінску
«Еўрапейская Беларусь» звяртаецца да ўсіх грамадзянаў Беларусі з заклікам праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю, цягам усяго 2018 года.