Рада Беларускай Інтэлігенцыі: Скажам рэжыму “Не!”
Рада беларускай інтэлігенцыі выступіла ў падтрымку байкоту "парламентскіх выбараў". Адпаведная заява, тэкст якой мы прыводзім, была прынятая 3 лютага.
Мы звяртаемся да тых, каго непакоіць лёс Беларусі, каго хвалюе лёс бацькоў і будучае дзяцей, хто зняважаны і абураны хамствам, беззаконьнем і беспакаранасцю ўладаў, да тых, хто не можа спакойна спаць у той час, калі за кратамі жорстка катуюць палітвязняў.
Сябры! Пачынаючы з 19 снежня 2010 года, усім стала зразумела, што рэжым утрымлівае ўладу насуперак жаданню большасці беларускага народа.
Мы жывем у краіне, дзе суды пакрываюць злачынцаў і караюць нявінных, дзе міліцыянты – не абаронцы, а карнікі, дзе пад шыльдай сацыяльна-арыентаванай дзяржавы людзей абкрадаюць і ператвараюць у жабракоў, дзе выкладчыкаў і настаўнікаў прымушаюць быць палітычнымі прапагандыстамі і фальсіфікатарамі выбараў, дзе творчыя, разумныя, ініцыятыўныя людзі разглядаюцца не як багацце краіны, не як яе залаты запас, а як пагроза для ўладаў.
І ўсё гэта стала магчымым таму, што грамадзяне Беларусі пазбаўлены свайго галоўнага права: права выбіраць сабе ўладу. Сёння амаль што кожны ведае, што выбары фальсіфікуюцца рэжымам.
Калі гэта не змяніць – ні ў краіны, ні ў кожнага з нас не будзе будучыні.
Дык хто мы – ахвяры або вольныя людзі, здольныя абараніць сябе і Беларусь?
Калі ахвяры, то мы павінны ведаць, што ні Захад, ні Расія, ні, тым больш, рэжым па ўласнай ініцыятыве, не могуць нам дапамагчы выйсці з гэтага становішча.
Калі мы людзі вольныя, то давайце скажам рэжыму “Не!”.
Беларусы жадаюць, каб дзяржава абараняла сваіх грамадзян – нашыя галасы, нашае здароўе, наш дабрабыт, нашую годнасць, а ў цяжкую хвіліну – і права кожнага з нас на жыццё.
Людзі ўсё больш усведамляюць, што іх жыццё наўпрост залежыць ад таго, якія выбары адбудуцца ў краіне – звычайны фарс, ці нармальны празрысты працэс барацьбы кандыдатаў без ціску з боку дзяржавы.
Выбары ў краіне могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі толькі пры абавязковым удзеле прадстаўнікоў партыяў і кандыдатаў ў выбарных камісіях усіх узроўняў і пры магчымасці сапраўднага назірання за падлікам галасоў.
Ва ўмовах, калі дзяржава пазбавіла сваіх грамадзян магчымасці ажыццявіць неад’емныя правы, у тым ліку і на свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары, грамадзяне маюць права на пратэст.
Самая простая і дзейсная форма пратэсту – БАЙКОТ, як адпаведны адказ грамадства на стаўленне дзяржавы да сваіх грамадзян.
Байкот – гэта спыненне супрацоўніцтва з рэжымам у любых законных і даступных кожнаму з нас формах.
Кожны можа не прымаць удзел у выбарчым фарсе, пакуль не будуць вызваленыя і не адноўленыя ў грамадзянскіх правах усе палітвязні і да таго часу, пакуль не будзе забяспечаны празрысты падлік галасоў.
Менавіта з гэтым патрабаваннем падчас мінулых выбараў на вуліцы выйшлі дзесяткі тысячаў людзей, і за гэта апынуліся за кратамі нашыя лідэры і проста сумленныя людзі, якія зараз падвяргаюцца катаванням.
Мы ведаем, што існуе рэальная пагроза іх жыццю.
Мы павінны прызнаць, што ва ўсім ёсць і частка нашай віны. Нашая пасіўнасць, цярплівасць і абыякавасць да чужых пакутаў прывяла да таго, што, у той час, як мы спрабуем выжыць і займаемся палітычнымі інтрыгамі, у палоне рэжыму працягваюць знаходзіцца людзі, якія выйшлі на вуліцы абараняць і нас з вамі, нашыя правы, нашую свабоду і будучыню. Заўтра на іхнім месцы можа апынуцца кожны з нас.
Мы не маем права чакаць і адседжвацца да вераснёўскіх выбараў. Мы павінны пачынаць актыўны байкот рэжыму ўжо сёння!
Кожны з нас можа паразмаўляць са сваімі родзічамі, сябрамі, суседзямі, калегамі аб тым, як нас падманваюць, рабуюць, як лепшыя спецыялісты з’язджаюць з краіны на заробкі, як з дапамогай кантрактнай сістэмы нас пераўтвараюць у рабоў.
Пачаўшы байкот фальшывых выбараў , мы можам выйсці на поўную ізаляцыю злачыннага рэжыму ад грамадства.
Байкот трэба пачынаць ўжо сёньня – для гэтага не патрэбна станавіцца кандыдатам у дэпутаты і чакаць дазволу Ярмошынай.
Грамадзяне Беларусі! Сябры!
Вам будуць казаць, што ўсё роўна рэжым не пойдзе на саступкі. Што большасць не падтрымае байкот. Але справа не ў большасці – кожны павінен прыняць рашэньне сам, так, як яму падказвае ягонае сумленне.
Сапраўдны рух, сапраўдны подых пераменаў мы адчуем толькі тады, калі мы самі гэтага захочам. Давайце разам вызначаць будучыню нашай краіны.
Зінаіда Бандарэнка
Аляксандр Вайтовіч
Анатоль Вярцінскі
Марат Гаравы
Радзім Гарэцкі
Валянцін Голубеў
Анатоль Гуляеў
Генадзь Драздоў
Сяргей Законнікаў
Аляксандр Казулін
Аляксей Кароль
Уладзімір Колас
Георгій Ліхтаровіч
Алесь Марачкін
Пётр Садоўскі
Алесь Сідзяка
Уладзімер Содаль
Юры Хадыка