Наталля Радзіна: адпускаць Лукашэнка нікога не намераны (ФОТА)
У Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды падпісання Андрэем Саннікавым прашэння аб памілаванні.
На ёй выступілі давераная асоба экс-кандыдата падчас мінулых выбараў Станіслаў Шушкевіч, рэдактарка сайту Хартыя’97 Наталля Радзіна, каардынатар перадвыбарчага штаба Саннікава Зміцер Бародка, кіраўнік выбарчага штабу Саннікава Уладзь Кобец, а таксама былы прэс-сакратар штабу Аляксандр Атрошчанкаў. Наталля Радзіна мяркуе: той факт, што Саннікаў застаецца за кратамі і пасля падпісання прашэння аб памілаванні, кажа пра тое, што ён стаўся прадметам гандлю беларускага рэжыму.
Радзіна: “Гэта кажа пра тое, што Лукашэнка хлусіць. І тое, пра што ён казаў журналістам у канцы снежня, што палітвязні самі не хочуць выходзіць, і неабходна, каб яны пісалі прашэнне аб памілаванні, гэта проста адмазка для журналістаў. На самой справе адпускаць Лукашэнка нікога не намераны. А ў Саннікаве ён бачыць моцнага саперніка. Ягоная задача знішчыць яго. І мае рацыю Андрэй Алегавіч, калі кажа, што задача Лукашэнкі не выпусціць іх жывымі з турмы. Ягоная задача зламаць гэтых людзей, давесці іх да краю ў фізічным і маральным плане. І тады, магчыма, ён прадасць іх за тыя ці іншыя прэферэнцыі Еўрасаюзу”.
Таксама выступоўцы засяродзілі ўвагу прысутных на тым, што санкцыі Еўразвяза адносна Беларусі фактычна не дзейнічаюць. На іх думку, варта ўвесці эмбарга на пастаўку нафтапрадуктаў, якія ідуць з Расіі праз Беларусь.