Вярніце нашых мужчын! (ФОТА)
Актывісткі Моладзевай жаночай грамадзянскай ініцыятывы “ВАРТА” правялі акцыю салідарнасці з палітвязнямі.
Ля гандлёвага дому “На Нямізе” дзяўчаты павесілі плакат з надпісам “Вярніце нашых мужчын” і прывязалі паветраныя шарыкі з партрэтамі кандыдатаў у прэзідэнты А.Саннікава і М.Статкевіча, каардынатара ГК “Еўрапейская Беларусь” Зм.Бандарэнкі, актывістаў “Маладога Фронту” Зм. Дашкевіча і Э.Лобава, а таксама праваабаронцы А. Бяляцкага, суд над якім яшчэ ідзе.
Нягледзячы на моцны вецер, мінакі спыняліся і з цікавасцю разглядалі незвычайныя шарыкі.
“У складанай палітычнай і эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне, кожны чалавек цяпер схільны думаць толькі пра ўласныя патрэбы. Гэтай акцыяй мы хацелі звярнуць увагу людзей на праблему палітычных зняволеных, над якімі на сённяшні дзень навісла рэальная пагроза фізічнага і маральнага знішчэння, – распавяла адна з актывістак. – Акрамя таго, правядзенне акцыі менавіта ў Міжнародны дзень студэнта сімвалічна: сёння “ВАРТА” мела мэтай нагадаць беларускім студэнтам, што мы самі павінны адстойваць свае правы, сваю свабоду. Гэта даказалі чэшскія студэнты падчас лістападаўскіх падзей 1939 г. Таму нельга заставацца абыякавымі! Толькі разам мы пераможам!”