Халіп пра новых неўязных: “Чаму толькі 16? Гэтага мала”
Рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу пастанавіла далучыць 16 асобаў да сьпісу 192-х беларускіх чыноўнікаў, неўязных на тэрыторыю ЭЗ.
Іх банкаўскія актывы ў Эўропе замарожваюцца. Санкцыі Эўразьвязу працягнутыя да 31 кастрычніка 2012 году.
Жонка палітвязьня, кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірына Халіп, камэнтуючы рашэньне Эўразьвязу, задае шэраг пытаньняў:
“Першае — а чаму так мала? Чаму толькі 16 чыноўнікаў? Тут ужо сотні чалавек зьвязалі сябе з сыстэмай рэпрэсій. А тут толькі яшчэ 16. Мала. Апроч таго, каму перашкаджаюць, замінаюць гэтыя візавыя санкцыі? Лукашэнку? Не. Ён пляваць хацеў на гэта. Пакуль няма жорсткіх эканамічных санкцый, ні пра якае ўзмацненьне ціску ЭЗ казаць немагчыма”.
Сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў пашыраецца з 2006 году. Апошняе рашэньне Эўразьвязу ў гэтай справе было прынятае 20 чэрвеня, калі да сьпісу неўязных далучылі яшчэ чатырох беларускіх чыноўнікаў. Таксама эўрапейцы ўвялі эмбарга на экспарт узбраеньня, матэрыялаў і абсталяваньня, якія могуць выкарыстоўвацца рэжымам для ўнутраных рэпрэсій, замарозілі актывы трох кампаній, зьвязаных з рэжымам, і заклікалі эўрапейскія банкі не даваць афіцыйнаму Менску пазыкаў. Ад беларускіх уладаў Брусэль найперш патрабуе вызваленьня палітвязьняў. Разам з тым эўрапейцы пакінулі за сабой права дадаць новых асобаў у сьпіс неўязных у залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі. У верасьні літоўскае Міністэрства замежных спраў ініцыявала далучэньне 18 беларускіх чыноўнікаў, зьвязаных зь перасьледам праваабарончага цэнтру “Вясна” і яго кіраўнікоў, да нацыянальнага сьпісу неўязных. Таксама Вільня зьвярнулася да іншых краін Эўразьвязу з заклікам разгледзець магчымасьць унясеньня згаданых беларускіх чыноўнікаў у свае нацыянальныя сьпісы.