Саннікава перавялі ў іншую калонію праз экалогію
Ірына Халіп наведала Дэпартамент выканання пакаранняў.
Як перадае “Наша Ніва”, сёння жонка кандыдата на пасаду прэзідэнта, палітвязня Андрэя Саннікава Ірына Халіп наведала Дэпартамент выканання пакаранняў.
Яна хацела даведацца, што сталася прычынай пераводу мужа з Наваполацкай калоніі ў Бабруйск.
«Са мной размаўляў палкоўнік Ігар Котаў, намеснік начальніка аднаго з аддзелаў. Доўга мне казалі, што нічога не могуць сказаць, бо рашэнне прымалася кіраўніцтвам. Тым не менш, пасля тэлефоннага званка да гэтага кіраўніцтва, Котаў паведаміў, што перавод адбыўся «ў сувязі са шматлікімі крытычнымі публікацыямі аб экалагічнай сітуацыі ў Наваполацкай калоніі», — кажа Ірына Халіп.
Журналістка задаецца пытаннем, калі вы прызнаеце праблемы, то чаму ў гэтай калоніі працягвае знаходзіцца 1500 чалавек. Яна кажа, што не будзе змяншаць цікавасці да гэтай турмы і ў будучыні.
Таксама Халіп паабяцалі, што цяпер вязням у Наваполацку будзе дадзеная магчымасць тэлефанаваць дадому ў вызначаны час. «Яны прызналі, што праблема з гэтым была. Маленькая, але перамога», — гаворыць Ірына.