Прафэсар Бандажэўскі: «Заяўляю адказна: Бандарэнка моцна пакутуе!»
Выпадак з Зьмітром Бандарэнкам для праграмы «Свабода ў турмах» пракамэнтаваў доктар мэдычных навук, адмысловец у галіне радыялёгіі, сапраўдны член Нью-Ёрскай акадэміі навук, які праседзеў у беларускай вязьніцы з 1999 па 2005 гады і пасьля вызваленьня быў вымушаны зьехаць з радзімы.
Гэтымі днямі, вярнуўшыся са спатканьня з палітвязьнем Зьмітром Бандарэнкам, які ўтрымліваецца ў мэдчастцы Магілёўскай калёніі, яго жонка Вольга заявіла, што нават цяпер, праз пару месяцаў пасьля найскладанейшай апэрацыі, «болі ў хрыбетніку ў Зьмітра як былі раней, так засталіся і дагэтуль. Ён яшчэ не канчаткова ачуняў пасьля апэрацыі А вось з нагой зусім цяжка — яна яго амаль ня слухаецца».
Прафэсар Бандажэўскі адразу падкрэсьліў, што ён адмысловец зусім у іншай мэдычнай галіне. Як лекар і колішні цяжкі пацыент Рэспубліканскага турэмнага шпіталя ён спыніўся на некаторых аспэктах паводзінаў арганізму чалавеку ў турэмных умовах. Гаворачы пра сытуацыю са Зьмітром Бандарэнкам, Юры Бандажэўскі сказаў:
«Спачатку адзначу, што я не адмысловец па гэтым захворваньні. Але, мяркуючы па той інфармацыі, якую маю, гэта вельмі цяжкі выпадак, які і ў нармальнай сытуацыі, ва ўмовах волі, патрабуе надзвычай узважанага падыходу з боку мэдычнага пэрсаналу.
На падставе ўласнага шасьцігадовага досьведу магу меркаваць, што значыць мець падобнае захворваньне ва ўмовах няволі. Як мэдык прыроўніваю турэмныя ўмовы да экстраардынарных. Ня думаю, што абыходжаньне са зьняволенымі ў Беларусі істотна палепшылася ў лепшы бок. Таму з усёй адказнасьцю кажу: Бандарэнка пакутуе. Прычым вельмі цяжка. У тых умовах ён абсалютна ня можа прайсьці рэабілітацыю, безь якой ніяк нельга абысьціся пры такім захворваньні. Гэта зразумела для любога, хто мае хоць нейкае дачыненьне да мэдыцыны. Як зразумела і тое, што цяперашняе лячэньне і аднаўленьне Бандарэнкі трэба праводзіць у якасна іншых умовах. Гэта таксама трэба ўлічваць усім тым, хто хоча дапамагчы гэтаму чалавеку».
Гаворачы пра кваліфікацыю супрацоўнікаў Рэспубліканскага турэмнага шпіталя, дзе ляжаў Зьміцер Бандарэнка і дзе ў свой час перанёс найскладанейшую апэрацыю ён сам, прафэсар Бандажэўскі адзначае: гэта спэцыялісты, да якіх ён ставіцца з найвялікшай павагай.
«Той чалавек, які апэрыраваў мяне, літаральна ўратаваў мне жыцьцё, — кажа прафэсар Бандажэўскі. — Тыя ж словы магу сказаць пра ўсю хірургічную каманду. Казаць, што тыя мае калегі, які працавалі ў мой час у тым шпіталі, не адпавядаюць прызначэньню мэдыка, я ня маю аніякага права. Тым больш улічваючы саму сыстэму арганізацыі дапамогі і ўмовы, ў якіх яна аказваецца. Іншая рэч, што ўсе рашэньні адносна далейшай тэрапіі пасьля складанага выратаваньня пацыента прымаюцца ўжо зусім іншымі спэцыялістамі».