Генадзь Бураўкін: «Усе ведалі, што я «кадр» Пятра Машэрава»
Паэту Генадзю Бураўкіну 28 жніўня спаўняецца 75 год. Чым не нагода для размовы пра яго багатую творчасць? Але з адным з «зуброў» беларускай літаратуры мы гутарылі пра іншае – пра не менш багатае на падзеі жыццё. У тым ліку пра тое, які «грэх» быў за ім у сувязі з імём Быкава, чаму на яго толькі ў ЦК КПСС тройчы пісалі даносы і як яго падвёў Вячаслаў Кебіч.
– Генадзь Мікалаевіч, чым вам запомніліся гады фашысцкай акупацыі – гады вашага дзяцінства?
– Жылі мы на тэрыторыі Расонскага раёна. Бацька пайшоў на фронт, а мы з мамай засталіся. У наваколлі ведалі, што бацька – камуніст, і немцы маглі нас расстраляць. Але вайна між іншага паказала і людскую дабрыню, і беларускі характар: нас ніхто не прадаў.
Найбольш запомнілася з вайны страшнае. Ужо напрыканцы акупацыі ў вёску прыехалі карнікі з паліцаямі, сагналі жыхароў у лазню і забілі яе цвікамі. Нас павінны былі спаліць. І раптам дзверы з таго боку ўзламалі, а ў іх стаў сівы немец і махаў нам рукамі. Мы ўскочылі і кінуліся ў лес. Гэта быў урок на ўсё жыццё: і сярод ворагаў ёсць людзі…
Сям’і нашай пашчасціла: бацька выжыў, вярнуўся, хоць і інвалідам.
Генадзь Бураўкін (справа) на 2-м курсе БДУ разам з Святланай Кліменценка і Рыгорам Барадуліным. 50-я гады
– Вядома, што ў вас былі добрыя адносіны з Машэравым. Чым растлумачыце яго добрае стаўленне да вас?
– Па-першае, мы з ім землякі: перад вайной ён працаваў у Расонскім раёне. Яму, відаць, было прыемна, што я адтуль. Па-другое, думаю, яму ў нечым падабаўся мой характар, магчыма, ён бачыў ува мне сябе маладога. Я не баяўся выступаць, гаварыў адкрыта.
Дастаткова доўга я папрацаваў каля высокіх чыноўнікаў і скажу, што разумнаму кіраўніку халуі не падабаюцца, а яршыстыя людзі падабаюцца, яны хочуць перацягнуць іх на свой бок.
Па-трэцяе, я ў свой час актыўнічаў у камсамоле. А Машэраў некалі быў першым сакратаром ЦК камсамолу, відаць, яшчэ і таму ён мяне заўважыў. І ўсё ж тое, што ён зрабіў пры маім прызначэнні ў 1968 годзе ў «Правду», для мяне было нечакана і нават не зусім зразумела, хаця вельмі дорага.
– Чаму?
– Калі мяне запрасілі у «Правду» карэспандэнтам, за мною быў вялікі «грэх». «Советская Белоруссия» ў рэдакцыйным артыкуле беспардонна, па-хамску з палітычнымі абвінавачваннямі прапясочыла Васіля Быкава. Мы з Анатолем Вярцінскім вырашылі пратэставаць. Склалі калектыўны ліст, дзе рашуча асуджалася цкаванне Быкава.
За подпісамі пайшлі не толькі да маладых пісьменнікаў, але і да класікаў. Ліст падпісалі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ, Янка Брыль. Былі б і іншыя жывыя класікі, але мы дамовіліся не падстаўляць тых, хто займаў адказныя пасады, каб не нашкодзіць агульнай літаратурнай справе.
Калі нам сказалі, што па нашых слядах ужо «ідуць», мяне на гутарку выклікаў сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Пілатовіч. Як мы і чакалі, ён пачаў патрабаваць, каб я аддаў яму падрыхтаваны ліст. Я сядзеў у кабінеце і старанна цягнуў час, а Вярцінскі якраз перадаваў ліст у прыёмную ЦК. Як жа Пілатовіч раззлаваўся, калі яму пазванілі і паведамілі, што ліст зарэгістраваны!..
Мяне, як аднаго з аўтараў ліста і збіральніка подпісаў, хацелі выключыць з партыі. Аднак партыйны сход у Саюзе пісьменнікаў скончыўся нечакана: за мяне заступіліся.
З пісьменнікам Іванам Чыгрынавым. 70-я гады
– Як Машэраў дапамог вам пры прызначэнні ў «Правду»?
– Каб мяне прызначыць, павінны былі даць згоду рэдкалегія газеты і Бюро ЦК КПБ. Я, натуральна, на гэта не спадзяваўся. Але вяртаюся з паездкі ў Югаславію ў складзе дэлегацыі Саюза пісьменнікаў СССР, і мяне кліча галоўны рэдактар Міхаіл Васільевіч Зімянін, тагачасны рэдактар «Правды». «Ты утвержден корреспондентом «Правды» по Беларуси, решение подписал Леонид Ильич Брежнев» (якраз была ягоная чарга «дзяжурыць» па паперах).
І расказвае далей: калі Брэжнеў дакумент ужо падпісаў, на яго імя ад аднаго вельмі высокага чыноўніка з ЦК КПБ (прозвішча называць не буду, ён мёртвы) прыйшоў ліст, дзе паведамлялася, што Машэраў і бюро ЦК КПБ дапусцілі «грубейшую политическую ошибку – рекомендовали корреспондентом «Правды» антисоветчика и оголтелого националиста». Памочнік Брэжнева патэлефанаваў Зімяніну: што будзем рабіць? Вырашылі звязацца з Машэравым, і калі той асабіста паручыцца за Бураўкіна, то данос Брэжневу не паказваць.
Дык вось Зімянін сказаў тады: «Если ты подведешь Петра, я тебе этого никогда не прощу».
– Гэта калі-небудзь адгукнулася?
– Я быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», калі Пётр Міронавіч прапанаваў мне ўзначаліць Дзяржтэлерадыё. Я двойчы адмовіўся: праца ў «Маладосці» мне вельмі падабалася, калектыў быў дружны, невялікі, а тут трэба ўзначаліць 3 тысячы чалавек! Трэці раз ён спытаў жорстка: «Я лично имею право тебя просить?!» Я зразумеў, што ён мае на ўвазе, і выйшаў на новую працу.
– Які ў вас, вядомага паэта, адміністратара, быў матэрыяльны дастатак за савецкім часам?
– Не сказаць, што ён быў вялікім, але мне хапала. Пры пераходзе з «Правды» ў «Маладосць» я страчваў у заробку, і Пётр Міронавіч (відаць, каб «кампенсаваць» страты) загадаў выдзеліць рэдакцыі часопіса службовы аўтамабіль – у іншых гэтага не было.
А калі стаў на чале Дзяржтэлерадыё, то зарплата стала адпаведна міністэрскай, была і персанальная машына.
З Іванам Мележам, якому Генадзь Бураўкін першым паведаміў пра прысваенне таму Ленінаскай прэміі. 1972 год
– Не сумуеце па часах, калі беларуская літаратура выдавалася агромістымі накладамі?
– Не проста сумую, а трывожуся і сённяшняй сітуацыі не разумею. Хаця адкуль быць накладам, калі дзеці не авалодваюць мовай: калі ім не выкладаюць беларускую літаратуру ў патрэбным аб’ёме і тую, якой мы ганарымся? Нават у гады вайны беларускія кніжкі выходзілі большым накладам, чым у нашы дні!
Мне сорамна, калі народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч выдае кніжкі накладам 100-200 асобнікаў ды яшчэ і за свой кошт. А проза. Быкаў выходзіў па-беларуску накладам да 100 тысяч, а зараз выдатны пісьменнік Віктар Казько – каля тысячы…
Тое, што адбываецца з накладамі, хвалюе мяне нават не з фінансавага боку. Калі людзі чытаюць дэтэктывы, дзе, акрамя крыві, забойстваў і, даруйце, дзяўчатак лёгкіх паводзінаў, нічога няма – гэта небяспека духоўнай дэградацыі.
– Вядома, што ў творчых людзей своесаблівыя адносіны з алкаголем. А як было ў вас?
– Калі ў добрай кампаніі, пад добры настрой, пры добрым напоі і добрай закусі – чаму б і не? (усміхаецца – С.)
– Быкаў у сваіх успамінах узгадваў, як падчас з’езду Саюза пісьменнікаў СССР у Маскве вы, ён і Гілевіч, каб не засумаваць, вырашылі пранесці бутэльку ў Крэмль. Паспрабавалі схаваць яе ў кішэні – выпірала. Тады знайшлі такое выйсце: выпілі ў гасцініцы, а закусваць пабеглі ў Крэмль.
– Былі маладыя, здаровыя, рызыкоўныя. Застоллі былі традыцыяй. Дарэчы, у гэтых застоллях вельмі разумныя рэчы гаварыліся, і пры чарцы мы былі смялейшыя.
– Вернемся да вашага прызначэння на Дзяржтэлерадыё. Менавіта пры вас, наколькі я разумею, беларускае тэлебачанне пачало рабіцца беларускім.
– Калі я прыйшоў на Дзяржтэлерадыё, там было засілле рускай мовы, асабліва на тэлебачанні. Я стараўся зрабіць усё, каб беларускай мовы было ўсё больш і больш. Ажыццяўляць гэта было няпроста. Сёння па ўсякаму ўзгадваюць тыя гады, але я скажу, што я адчуваў падтрымку Машэрава. Усе ведалі, што я «кадр» Пятра Міронавіча. Ён казаў: «Генадзь, рабі, як лічыш патрэбным».
У той час было вядома, што як толькі Машэраў прынародна выступіць у абарону беларускай мовы, яму тут жа будзе прышпілены ярлык нацыяналіста і яго заменяць.
– Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што пашыраць ужыванне беларускай мовы было няпроста?
– На мяне пісалі даносы. Толькі ў ЦК КПСС – тры разы. Хто – ня ведаю. Але справа не ў тым, хто пісаў, а ў тым, што гэтыя лісты сур’ёзна разглядаліся. Па аднаму з іх быў закрыты партыйны сход калектыва Дзяржтэлерадыё. Я ўдзячны калегам: пасля зачытання даносу ніводзін не падтрымаў ананіма. Прызнаюся шчыра, усхваляваны быў ледзь не да слёз.
А вось цяперашнія кіраўнікі тэлебачання беларускую мову дабіваюць. Той жа спартовы каментатар Навіцкі, якога я браў на працу, можа хораша весці рэпартажы па-беларуску. Але не робіць гэтага. Знчыць, яму сказалі, што гэта не трэба.
З жонкай Юліяй, 80-я гады
– Чаму ў савецкія часы беларускае партыйнае кіраўніцтва праводзіла палітыку русіфікацыі?
– Я думаю, гэта між іншага звязана з менталітэтам і характарам беларусаў. Беларусы заўсёды былі вельмі працавітыя і дысцыплінаваныя. І калі ішла інтэрнацыяналізацыя жыцця і русіфікацыя, яны былі сярод першых. Калі аднойчы Хрушчоў наведваў Мінск, ён (ці не на ганку ўніверсітэта) сказаў: першымі ў камунізм прыйдуць беларусы, бо яны адмівіліся ад сваёй мовы.
Я думаю, русіфікацыя ішла не ад кіраўнікоў Беларусі. Перш за ўсё і больш за ўсё я ускладаю віну на нацыянальную палітыку КПСС, на Крэмль. Гэта яны прымушалі да русіфікацыі, гэта яны націскалі…
Я не надта люблю ўжываць слова «народ». Але калі народ не зразумее, што такое мова, то хай рыхтуецца да таго, што спярша яго будуць абсмейваць, потым ім будуць пагарджаць, а пасля ён проста знікне. Хочацца гэтага народу? Ну што ж…
– У 1990-м вы сталі пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН. Што для вас значыла гэтае прызначэнне?
– Гэта, бяспрэчна, быў нечаканы паварот маёй кар’еры. Кіраўніцтву рэспублікі ў тыя гады мая дзейнасць і пазіцыя на пасадзе кіраўніка тэлебачання і радыё не падабаліся. Нягледзячы на перабудову, цэкісты лічылі, што на тэлебачанні павінна паказвацца адна пазіцыя і слова Пазьняку, напрыклад, даваць ні ў якім разе нельга.
Мне практычна адкрытым тэкстам заявілі: або ты сыходзіш са сваёй пасады, або мы цябе будзем здымаць, і прапанавалі пасаду пастаяннага прадстаўніка БССР пры ААН. Жаданне было адно: каб у тыя неспакойныя часы я сышоў без скандалу.
Адразу ад новага прызначэння я рашуча адмовіўся, бо не бачыў сябе на гэтым месцы. Аднак шмат што вырашыла размова ў Маскве з першым намеснікам міністра замежных спраў СССР Юліем Міхайлавічам Варанцовым. Ён амаль адкрыта сказаў: Генадзь Мікалаевіч, у ААН усё вырашае прадстаўнік СССР, а вы паэт, вам будзе цікава там пажыць, паглядзець на той свет. Ужо недалёка была пенсія, і я пагадзіўся.
Зараз удзячны лёсу за гэтую «высылку», бо атрымалася, што я стаў першым прадстаўніком незалежнай Беларусі пры ААН. І калектыў у нас у Нью-Ёрку быў цудоўным. Сённяшні міністр замежных спраў Мартынаў быў маім намеснікам. Былы міністр Хвастоў працаваў другім сакратаром.
Генадзь Бураўкін. 80-я гады
– Прайшлі чатыры гады і вы з Нью-Ёрка вярнуліся…
– Я рваўся на радзіму, дзе адбываліся важныя падзеі, ішло станаўленне маладой беларускай дзяржавы. Лічыў, што больш патрэбен тут, чым там. У рэшце рэшт мяне паклікалі ў Беларусь. Але тут я атрымаў горкую пілюлю. Мне прапанавалі канкрэтную пасаду, а калі я прыехаў, мне яе не далі. Кончылася тым, што я праз нейкі час зусім адышоў ад дзяржаўнай дзейнасці і вярнуўся ў журналістыку.
– На якую работу вас клікалі з Нью-Ёрка?
– Тагачасны старшыня Савета міністраў Кебіч клікаў мяне на пасаду міністра культуры. Калі я распавёў Васілю Быкаву пра гэта, ён сказаў: Генадзь, наіўны ты чалавек, цябе не прызначылі не таму, што лічаць цябе недастаткова верным – яны тваёй беларушчыны баяцца, таму ніколі цябе не пусцяць на той узровень, дзе ты зможаш прымаць сур’ёзныя рашэнні. Для мяне беларушчына – святое…
– Калі ўявіць, што Вячаслаў Кебіч і яго ўрад застаўся б пасля 1994-га, то магла б Беларусь страціць незалежнасць?
– Я лічу, што магла б, і верагодней за ўсё страціла б.
– Атрымоўваецца, Лукашэнка дапамог яе захаваць?
– Справа ў тым, што ён хоча быць кіраўніком дзяржавы. А таму ён за тое, каб была дзяржава. А ў Кебіча, відаць, такіх амбіцый не было, і пры адпаведных умовах, мне здаецца, ён гатовы быў бы незалежнасць здаць.
– Чаму вы, Генадзь Мікалаевіч, не атрымалі званне народнага паэта?
– Гэтае пытанне не да мяне. А чаму, скажам, я ўнесены сёння у «чорныя спісы»? Хаця пытанне пра народнага для мяне, прызнаюся шчыра, неабыякавае. Вельмі часта з трыбун і ў друку мяне называюць народным паэтам Беларусі. Калі гэта толькі пачалося, я заўсёды браў слова і казаў: дзякуй, але я не народны паэт. Але міжволі атрымоўвалася быццам я набіваю сабе цану, скарджуся. Таму цяпер я маўчу.
Чаму не атрымаў? Я думаю, у сувязі з тым, што ў тую пару, калі я мог атрымаць званне, прыйшоў рэжым, які мы маем. Аднак мне вельмі прыемна і ўсцешна, што народны паэт Пімен Панчанка ў свой час напісаў ліст з прапановай прысвоіць мне такое званне. Вось гэта для мяне шчасце…
Генадзь Бураўкін. 80-я гады
– Прайшлі чатыры гады і вы з Нью-Ёрка вярнуліся…
– Я рваўся на радзіму, дзе адбываліся важныя падзеі, ішло станаўленне маладой беларускай дзяржавы. Лічыў, што больш патрэбен тут, чым там. У рэшце рэшт мяне паклікалі ў Беларусь. Але тут я атрымаў горкую пілюлю. Мне прапанавалі канкрэтную пасаду, а калі я прыехаў, мне яе не далі. Кончылася тым, што я праз нейкі час зусім адышоў ад дзяржаўнай дзейнасці і вярнуўся ў журналістыку.
– На якую работу вас клікалі з Нью-Ёрка?
– Тагачасны старшыня Савета міністраў Кебіч клікаў мяне на пасаду міністра культуры. Калі я распавёў Васілю Быкаву пра гэта, ён сказаў: Генадзь, наіўны ты чалавек, цябе не прызначылі не таму, што лічаць цябе недастаткова верным – яны тваёй беларушчыны баяцца, таму ніколі цябе не пусцяць на той узровень, дзе ты зможаш прымаць сур’ёзныя рашэнні. Для мяне беларушчына – святое…
– Калі ўявіць, што Вячаслаў Кебіч і яго ўрад застаўся б пасля 1994-га, то магла б Беларусь страціць незалежнасць?
– Я лічу, што магла б, і верагодней за ўсё страціла б.
– Атрымоўваецца, Лукашэнка дапамог яе захаваць?
– Справа ў тым, што ён хоча быць кіраўніком дзяржавы. А таму ён за тое, каб была дзяржава. А ў Кебіча, відаць, такіх амбіцый не было, і пры адпаведных умовах, мне здаецца, ён гатовы быў бы незалежнасць здаць.
– Чаму вы, Генадзь Мікалаевіч, не атрымалі званне народнага паэта?
– Гэтае пытанне не да мяне. А чаму, скажам, я ўнесены сёння у «чорныя спісы»? Хаця пытанне пра народнага для мяне, прызнаюся шчыра, неабыякавае. Вельмі часта з трыбун і ў друку мяне называюць народным паэтам Беларусі. Калі гэта толькі пачалося, я заўсёды браў слова і казаў: дзякуй, але я не народны паэт. Але міжволі атрымоўвалася быццам я набіваю сабе цану, скарджуся. Таму цяпер я маўчу.
Чаму не атрымаў? Я думаю, у сувязі з тым, што ў тую пару, калі я мог атрымаць званне, прыйшоў рэжым, які мы маем. Аднак мне вельмі прыемна і ўсцешна, што народны паэт Пімен Панчанка ў свой час напісаў ліст з прапановай прысвоіць мне такое званне. Вось гэта для мяне шчасце…