20 гадоў таму Беларусь стала незалежнай
25 жніўня 1991 г. 5-я нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанову «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР».
Тым самым фактычна была абвешчана незалежнасць БССР. У тыя самыя дні рэальнае кіраўніцтва краінай перайшло ад ЦК Кампартыі да органаў заканадаўчай і выканаўчай улады.
Пасля стагоддзяў каланіяльнай залежнасці Беларусь пачала ператварэнне ў паўнапраўны суб’ект міжнароднага права. Яна ўпершыню стала ўласніцай усёй маёмасці, якая знаходзілася на яе тэрыторыі.
Як падкрэслівае ў сваёй кнізе «Сем гадоў адраджэння…» адзін з аўтараў Акта незалежнасці Сяргей Навумчык, супраць надання Дэкларацыі ад дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага акта выступіў дэпутат Лукашэнка.
Тая сесія адбывалася на трэці пасля правалу путчу ГКЧП дзень і праходзіла досыць бурна.
24 жніўня БНФ вывеў на плошчу Леніна дзясяткі тысяч людзей, а ў залу, дзе адбываліся пасяджэнні, Валянцінам Голубевым, Зянонам Пазняком і Галінай Сямдзянавай быў унесены бел-чырвона-белы сцяг,
а потым дэпутаты ад фракцыі БНФ не дапусцілі да трыбуны галоўнага камуніста Беларусі Анатоля Малафеева.
24 жніўня старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, першым кіраўніком незалежнай Беларусі стаў Станіслаў Шушкевіч, што дагэтуль займаў пасаду намесніка старшыні.
19 верасня 1991 г. сесія Вярхоўнага Савета прыняла рашэнне называць БССР надалей Рэспубліка Беларусь, у скарочаных назвах – Беларусь.
Тады ж была прынята пастанова Вярхоўнага Савета аб дзяржаўных сімвалах. Дзяржаўным сцягам абвяшчаўся бел-чырвона-белы сцяг, гербам – «Пагоня».
Беларусы пачалі па-іншаму цаніць сваю гісторыю і сваё нацыянальнае “я”.
Гэта была рэвалюцыйная перамена ў жыцці нацыі.