Заява грамадзянскай кампаніі Еўрапейская Беларусь
Тое, што зараз беларускія ўлады імкнуцца зрабіць з каардынатарам грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Зміцерам Бандаренкам, можна назваць адным словам – катаванне.
Прымусовая аперацыя, якая павінна адбыцца 26 ліпеня, з`яўляецца безумоўным актам гвалту супраць аднаго з кіраўнікоў дэмакратычнай апазіцыі Рэспублікі Беларусь. Вынікі гэтай аперацыі непрадказальныя, і Зміцеру пагражае інваліднасць. Адмова ў незалежным кансультаванні, прымусовыя тэрміны вельмі складанай аперацыі, адмова ў рэабілітацыі, – гэта вяртанне да рэпрэсіўнай палітычнай медыцыны часоў Савецкага Саюзу.
Асноўная задача рэжыму – не толькі помста, на прыкладзе Зміцера Бандарэнкі, але і запалохванне астаніх дэмакратычных актывістаў. Беларускія ўлады імкнуцца ўжываць самыя брутальныя і безчалавечныя мэтады ў дачыненні да сваіх апанентаў. Сучасныя інквізітары не спыняюцца ні перад чым, каб захаваць сярэднявечны рэжым у цэнтры Еўропы.
Грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь” звяртаецца да беларускай і сусветнай дэмакратычнай супольнасці, палітыкаў, дзеячоў культуры і навукі, проста неабыякавых людзей з просьбай аб падтрымцы Зміцера Бандарэнкі. Зараз неабходна праводзіць акцыі каля беларускіх амбасадаў і консульстваў, звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі і да ўрадаў дэмакратычных краінаў, даносіць інфармацыю аб тым, што ў беларускіх турмах катуюць і калечаць апанентаў рэжыму.
Зараз, як ніколі нам патрэбна Ваша салідарнасць.
Гэта салідарнасць патрэбна ўсёй Беларусі, якая змагаецца з апошняй тыраніяй у Еўропе.