Стоп-бензін (Анлайн, ФОТА, ВІДЭА)
Чарговае падаражанне бензіну ў ноч з 20 на 21 ліпеня выклікала незадаволенасць аўтамабілістаў.
20:04
Машыны ў раёне рэдакцыі “Нашай Нівы” працягваюць сігналіць.
20:00
Рух на Машэрава адноўлены, але ўдзельнікаў акцыі ўжо няма. ПАЗік з ціхарамі з’ехаў. Засталрося вельмі шмат міліцэйскіх аўтамабіляў.
19:54
На праспекце Машэрава асабісты транспарт фактычна знік. Праспект Машэрава перактрыты. Едзе толькі грамадскі транспарт.
Вельмі шмат ціхароў, а таксама відэаператараў з партатыўнымі камерамі. На рагу праспекта і Машэрава стаіць ПАЗік з людзі ў цывільным.
На цэнтр насоўваецца навальніца.
19:50
На рагу праспекта і Казлова/Машэрава агульная напружанасць спала.
19:46
Жоўтае “Рэно” адпусцілі, але ДАІшнік перадаў напарніку па рацыі: “Да цябе едзе жоўтае “Рэно””. Нехта на праспекце, каля Плошчы Перамогі, уключыў Цоя “Перамен”.
Праехаў мікрааўтобус з бел-чырвона-белым сцягам ад Машэрава да Казлова.
ДАІшнік прыбраў конусы з дарогі.
Па коле вакол помніка на Плошчы Перамогі праехала машына з уключанай аварыйкай, сімволікай акцыі “Стоп-бензін” і наклейкамі, што ўтвараюць слова “ШОС”.
19:43
На праспекце Незалежнасці агульная напружанасць спала. Людзі ў цывільным сыходзяць, сёй той спрабуе пахлопаць.
19:41
Тыя, хто едзе ў бок Трактарнага, пачынаюць разганяцца і зноў адчайна сігналяць. ДАІ пачынае разганяцца за імі. Вельмі шмат ціхароў на гэтым прамежку (каля кінатэатра “Мір”).
Каля цырка ў бок Плошчы Перамогі затрымалі жоўтае “Рэно” (хлопец малады ў чорных акулярах) з белай стужачкай – сімвал акцыі. ДАІшнік правярае дакументы, адкрывае багажнік.
19:36
Самыя актывісты сігналяць ля былой ужо Сядзібы БНФ. утварыўся затор на перакрыжаванні з праспектам.
Стаіць ДАІшнік не пускае машыны ў бок Кастрычніцкай. Шмат раззявак, якія ўсё фатаграфуюць.
Частка людзей каля будынка на Машэрава, 1 пачалі пляскаць у ладкі. З’явіліся супрацоўнікі ў цывільным. Людзі пабеглі ў Галерэю-У.
Пад’ехаў аўтобус да Фрэш-кафэ (Незалежнасці, 42), выйшлі фактурныя сем хлопцаў у цывільным пайшлі ў падземны пераход.
19:31
Рэдакцыйны аўтамабіль НН, набраўся нахабнасці і праскочыў праспктам да Акадэміі навук. Праспект чысты, праз кожныя 20 метрарў стаяць ціхары з відэакамерамі.
19:26
Акцыя крыху змяніла фармат, зараз паток машын цягнецца па Машэрава на Казлова і далей.
Не менш цягнецца ў адваротны бок, па Казлова у бок новага пр-та Машэрава (былой Варвашэні). Усе сігналяць.
19:23
На перасячэнні Казлова і Праспекта сабралася шмат машын. Усе сігналяць. Чуваць у рэдакцыі нават.
19:20
На Перамогі стаіць ціхар з камерай і здымае ўсе запар машыны, асабліва не фільтруючы.
19:11
З боку Плошчы Незалежнасці ў бок цэнтра на Праспект нікога не пускаюць. Праспект абсалютна пусты — і найшалёнейшыя заторы на прылеглых вуліцах.
19:10
У бок цэнтра ад Плошчы Перамогі прайшоў ПАЗік з ціхарамі. У раёне Плошчы Перамогі іх таксама шмат.
19:04
З Кісялёва машыны выпускаюць, але не выпускаюць з боку Акадэміі міліцыі ў бок цэнтра. Прапускаюць толькі аўтобусы і маршруткі. Вялікі затор да Якуба Коласа
Каля Купалаўскага тэатра два аўтазакі і мікрааўтобус.
Праспект перакрыты таксама ад Галоўпаштамта ў бок Плошчы Перамогі. Тыя машыны, што выязджаюць на праспект у бок Якуба Коласа, трапляюць на яго з бакавых вуліц.
18:57
З вуліцы Першамайская забаронена збочваць на Захарава (у бок праспекта), то самае з Першамайскай на вуліцы Купалы ў бок праспекта.
18:51
Вы будзеце смяяцца, але рух у цэнтр зноў перакрыты.
Рух ад Плошчы Перамогі, ад самога кальца ля помніка, у цэнтр перакрыты, у адваротны бок тры паласы свабодныя.
Праз кожныя 30 метраў уздоўж праспекта стаяць маладыя людзі спартовай (і не толькі) камплекцыі ў цывільным. У многіх у руках партатыўныя камеры.
18:38
Рух у цэнтр адноўлены, бо выстаўлялі ў цэнтр аранжавыя конусы на асфальт.
Рух пакуль запаволены.
18:37
У выніку гэтага перакрыцця ўтварыўся вялікі затор аж да станцыі метро “Плошча Якуба Коласа”.
18:31
ДАІ перакрыла праспект на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова/Машэрава.
Машыны, якія кіраваліся ў бок цэнтра, адпраўляюцца на вуліцу Казлова, або пр-т Машэрава (былая Варвашэні)