ВЯРНІЦЕ НАШЫХ МУЖЧЫН! (ФОТА)

Менавіта пад такой назвай актывісткі моладзевай жаночай ініцыятывы “ВАРТА” правялі сваю першую акцыю салідарнасці з палітвязнямі.

Ініцыятыва ставіць за мэту павышэнне грамадзянскай актыўнасці дзяўчат і іх кансалідацыю ва ўмовах сістэматычнага грубага парушэння правоў чалавека.

Так 16 чэрвеня а 18:00 удзельніцы акцыі сабраліся ля ўваходу ў гандлевы цэнтр “Рыга” і з партрэтамі ахвяраў рэпрэсій ў руках моўчкі пратэставалі супраць незаконнага ўтрымання за кратамі грамадзянскіх актывістаў. Тым часам, мінакі падыходзілі і ўважліва ўзіраліся ў твары на партрэтах, выказвалі словы падтрымкі і не разыходзіліся да таго часу, пакуль акцыя не скончылася.

“Гэтай акцыяй мы хочам ня толькі выказаць свае адносіны да рэжыма, але ж яшчэ раз нагадаць грамадству, што ў Беларусі груба парушаюцца правы чалавека, аб чым сведчыць і колькасць безпадстаўна асуджаных пасля падзей 19 снежня. Такім фарматам і назвай акцыі мы імкнемся падкрэсліць, што зняволеныя па палітычных матывах ня толькі сапраўдныя грамадскія лідары, але ў першую чаргу – сыны, жаніхі, мужы, бацькі ”, – падзялілася адна з актывістак ініцыятывы.