Каб пераехаць мяжу, кіроўцы сядаюць пасажырамі ў свае машыны
Мяжу ахоўвае спецназ, а тых, хто едзе часцей за раз на 5 дзён, разварочваюць.
На памежным пераходзе “Брузгі” чарга з 30 машын у два рады. Памежнік у суправаджэнні спецназа рэгулюе плынь яшчэ за паўкіламетра да пераходу, каб не ствараць там натоўп. “Чаму чарга не рухаецца?” — запытваюся ў жадаючых трапіць у Польшчу.
“Там спрачаюцца з мытнікамі, таму што яны не пускаюць. Размоў там занадта, нехта трапляецца нервовы, нехта непісьменны: прачытае, яшчэ раз, патлумачце. І вось стаяць яны там танчуць. Вось гэты ў зялёнай шапцы мусіць прапусціць нас”.
Пакуль машыны стаяць, кіроўцы збіраюцца разам на вуліцы абмяркоўваць сітуацыю. Тых, хто апошні раз перасякаў мяжу меней за 5 дзён таму, разварочваюць. Некаторыя спрабуюць знайсці чалавека з правамі і візай і едуць на сваёй машыне ў якасці пасажыра.
“Мытнік сказаў: едзь збоку, як пасажыр, а за рулём не пусцім цябе. Учора вось ехаў хлопец таксама збоку, а жонка ехала за рулём у першы раз. Іх на чырвоны канал паставілі, але я не бачыў, каб яны пераязджалі”, — гаворыць адзін з мужчын у чарзе.
“А ўчора хлопца вярнулі, ён знайшоў чалавека, пасадзіў за руль і паехаў”, — гаворыць іншы.
Збольшага людзі сітуацыяй не задаволеныя, ніхто не хоча ехаць праз чырвоны канал, нехта згодзен запоўніць дэкларацыю, але пакуль усіх разварочваюць.
“Я напішу дэкларацыю, што ў мяне там паліва. А ва ўказе напісана, што абмежаванне выезду. Так можаш сядаць збоку, як пасажыр ехаць”.
Некаторыя выпрабоўваюць удачу і едуць меней чым праз 5 дзён.
“Я быў 10-га — атрымоўваецца, 4 дні прайшло. Мне сказалі, што не пусцяць і я, напэўна, зараз паеду. Таму што 4 дні прайшло, а не 5”.
Людзі едуць у Польшчу па пакупкі, нехта па машыны, або падзарабіць на сезоннай працы.
“У асноўным усе ездзяць, каб падзарабіць да гэтага жабрацкага заробку. А спосабаў шмат, нават на клубніцах у садзе папрацаваць, там плацяць някепска”.
Пакуль на мяжы ўсё выглядае вельмі незразумела: гавораць адно, а насамрэч адбываецца ўсё па-іншаму, наракаюць людзі ў чарзе.
“Рэч у тым, што на паседжанні выканкама казалі, што ты можаш ехаць штодня, але з мінімумам ў баку. Але на справе — вяртаюць. На паседжанні казалі, што можна. Шапіра сказаў, што едзь на электрычцы, на аўтобусе, пешшу хадзі”.
Не ясна пакуль і як будуць вымяраць колькасць паліва ў баку, але кажуць, што спосаб прыдумаюць.
“Учора па радыё задавалі пытанне, якім чынам гэта будзе адбывацца. Ён сказаў, што мы знойдзем спосабы, як праверыць вашыя звесткі, што вы кажаце 10 літраў. Мы, кажа, памятаем 3 гады таму, як гэта было, калі ва ўсіх рэзка зламаліся датчыкі на нулі, а адчыняеш бак, газетку ўстаўляеш — поўны. Ён не сказаў, што нейкая ўстаноўка ёсць, проста сказаў, што мы знойдзем спосабы”.
Абмяркоўваюць людзі і стыхійны мітынг на памежным пераходзе. Цікавяцца, ці пішуць пра гэта ў Мінску. Абураюцца тым, што пра гэта гаворыць беларускае тэлебачанне. Еўрарадыё высвятліла, як працуе праезд праз мяжу і ці прапусцяць з 3 літрамі бензіна.