Акцыя «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ў Менску (АНЛАЙН, ФОТА, ВІДЭА)
У сацыяльных сетках Вконтакте і Фэйсбук нарадзілася ініцыятыва выходзіць на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў на народныя гулянні кожную сераду, а 19-й. 8 чэрвеня такая акцыя сабрала на Кастрычніцкай у Мінску каля 400 чалавек. Гулянні адбыліся і ў дзясятку рэгіянальных гарадоў. Народныя гулянні, без транспарантаў і сцягоў, — такая форма пратэсту абраная, каб удзельнікаў нельга было звінаваціць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Патрабаванні ўдзельнікаў празрыстыя і без лозунгаў — палітычныя і эканамічныя перамены.
20.17
На Кастрычніцкай плошчы турнікеты яшчэ стаяць, але туды ўсіх пускаюць. Праўда, у журналістаў «НН» перш праверылі дакументы і параіліся па рацыі з начальствам.
20.09
Каля 200 чалавек гуляе паблізу гатэля «Еўропа» і «Гранд-кафэ» на вуліцы Леніна. Міліцыя не дазваляе спыняцца — адразу падыходзяць і просяць «адыйсці».
20.01
Людзі патроху разыходзяцца. Асобныя групы па некалькі дзясяткаў чалавек гуляюць па праспекце і вуліцы Леніна. Кіроўцы вітаюць іх сігналамі.
19.59
Аднаго з удзельнікаў акцыі на вуліцы Леніна затрымалі двое ў цёмнай вопратцы і павялі ў бок метро, распавялі відавочцы карэспандэнту “НН”.
19.48
Натоўп, які адцяснялі ад Цэнтральнага сквера ў бок вакзала, “рассякаюць” — частку скіроўваюць у пераход, частку на вуліцу Леніна.
19.46
Міліцыя адцясняе натоўп ад цырка ў бок плошчы Перамогі. Каля 150 чалавек стаіць на іншым баку праспекта, каля скрыжавання з вуліцай Янкі Купалы.
19.42
Каля сямідзесяці чалавек з воплескамі перайшлі праспект ад цырка да сквера Янкі Купалы.
19.37
Каля цырка таксама каля пяцідзесяці чалавек, ёсць асобныя групы ля Купалаўскага сквера. Моладзь махае кіроўцам, што едуць праспектам. Аўто сігналяць у адказ.
19.27
Міліцыя адцясняе ўдзельнікаў акцыі з Цэнтральнага сквера на праспект, у бок Нацыянальнага банка. Робяць гэта не спецназаўцы, а звычайныя міліцыянты ў форме ППС.
19.22
Агульную колькасць удзельнікаў мінскіх народных гулянняў, арганізаваных сацыяльнымі сеткамі, можна ацаніць у больш чым тысячу чалавек.
19.21
Фізкультурнікі сыходзяць з Кастрычніцкай плошчы. Ачапленне застаецца.
19.16
Дзесяць спецназаўцаў перабеглі праспект і кіруюцца да натоўпу ў Цэнтральным скверы.
19.12
Спецназ мякка адцясняе натоўп далей ад плошчы — ланцуг міліцыянтаў спыніўся насупраць уваходу ў “Цэнтральны”, што бліжэй да метро. Машыны, якія едуць праспектам, вітальна сігналяць удзельнікам акцыі. Натоўп, які стаіць на другім баку праспекта, ля Цэнтральнага сквера, час ад часу пачынае пляскаць у ладкі.
19.07
Частка людзей перайшла праспект і стаіць каля Цэнтральнага сквера. Там некалькі сотняў чалавек. Таксама людзі стаяць на тратуары ля “Цэнтральнага”, у абодвух скверах на вуліцы Леніна абапал праспекта, каля ГУМа.
19.04
У падземным пераходзе пад праспектам каля “Макдональдса” вельмі многа людзей. З-за гэтага можа ўтварыцца цісканіна. Сітуацыя там досыць небяспечная, паведамляе карэспандэнт “НН”.
18.56
Шэраг спецназаўцаў загарадзіў тратуар і з боку “Макдональдса”. Людзей выпускаюць, але не ўпускаюць. Каля “Цэнтральнага” з’явіўся Уладзімір Някляеў.
18.52
Групка ўдзельнікаў акцыі, якую спецназ адцясняў уніз па вуліцы Энгельса, дайшла да скрыжавання з Інтэрнацыянальнай і проста разышлася ў розныя бакі.
18.51
Станцыя метро «Купалаўская» таксама не працуе.
18.46
Некалькі міліцыянтаў з рупарамі тлумачаць натоўпу ля «Цэнтральнага», што тут нельга збірацца. «А марозіва есці можна?» — пытае моладзь. «І марозіва нельга!» — адказваюць міліцыянты. Ланцуг спецназа перакрыў падыходы да плошчы з боку «Цэнтральнага». Групку людзей чалавек у сорак адціскаюць па вул. Энгельса ў бок Плошчы Свабоды.
18.45
На “Кастрычніцкай” не спыняецца метро.
18.42
Плошча Свабоды таксама перакрытая турнікетамі. Міліцыя нікога туды не пускае.
18.40
Спецназ і людзі ў цывільным раз за разам заклікаюць «праходзіць», «не ствараць натоўп».
18.38
Прэс-сакратар ГУУС Ластоўскі сказаў, што не адказвае за кантрольна-прапускны рэжым на плошчы, але доступ на яе абмежаваны.
18.36
Уздоўж вуліцы Энгельса і каля “Цэнтральнага” сабралася 150–200 удзельнікаў акцыі.
18.30
На абгароджаную турнікетамі тэрыторыю не пускаюць нават журналістаў з пасведчаннямі супрацоўнікаў СМІ. Спецназаўцы ў чорнай форме тлумачаць гэта тым, што журналісты не маюць “дазволу прэс-цэнтру ГУУС”, што доступ на рэпетыцыю параду абмежаваны.
18.21
На абгароджаную турнікетамі частку плошчы нікога не пускаюць. Усіх адпраўляюць у абыход уздоўж турнікетаў «пакуль не скончыцца мерапрыемства». У тых нешматлікіх (у асноўным журналістаў), каго прапускаюць, спецназ правярае сумкі.
18.19
Студэнтаў паставілі ў шэрагі, яны робяць фізічныя практыкаванні пад каманду кіраўніцы з гукаўзмацняльнікам.
18.13
Спецназ сагнаў астатніх удзельнікаў з цэнтра плошчы, каб “не заміналі рэпетыцыі”. Таксама зганяюць людзей з прыступак Палаца прафсаюзаў. Чаму? Спецназавец змог патлумачыць карэспандэнту “НН” толькі тое, што “тут не месца, нельга тут знаходзіцца”.
18.10
Фізкультурнікі кажуць, што у іх зараз будзе рэпетыцыя мерапрыемства да параду 3 Ліпеня. Яны шыхтуюцца ў цэнтры плошчы.
18.07
З машыны з гукаўзмацняльнай апаратурай выйшла жанчына з мікрафонам і заклікала: “Рабяты з Універсітэта фізкультуры, выходзім на цэнтр плошчы”. На яе заклік натоўп маладзёнаў каля сотні чалавек рухаецца ад экрана і з перахода метро да цэнтра плошчы.
17.59
На пляцоўцы ля Дома афіцэраў, над уваходам у метро «Кастрычніцкая», стаіць пажарная машына, абсталяваная вадамётам. Таксама карэспандэнты «НН» адзначаюць вялікую колькасць «асобаў у цывільным» на плошчы і на падыходах да яе.
17.57
За гадзіну да абвешчанага ў сацыяльных сетках пачатку акцыі на Кастрычніцкай сабралася каля сарака чалавек. Не маюць ніякіх плакатаў і сімволікі. Толькі адзін хлопец стаяў з лістом паперы: «Хто на флэшмоб?»
17.46
Каля плошчы з боку вуліцы Энгельса забаранілі паркавацца, паведамляе карэспандэнт «НН».
17.42
На пытанне, з якой прычыны Кастрычніцкая плошча абнесеная турнікетамі, спецназаўцы адказалі: «Без паняцця».
17.40
Уся плошча абнесеная турнікетамі. Пакінулі некалькі ўваходаў — ад «Цэнтральнага», ад Палаца прафсаюзаў, каля прыпынка аўтобуса № 100. Ля ўваходаў — спецназаўцы з металашукальнікамі. Але пакуль усіх вольна пускаюць і не абшукваюць. На плошчы таксама стаіць машына з гукаўзмацняльнай апаратурай.
16.47
Як паведаміў карэспандэнт «НН», на Кастрычніцкай плошчы за Палацам Рэспублікі ад вуліцы Інтэрнацыянальнай стаяць 10 міліцэйскіх аўтобусаў і два аўтазакі. Таксама аўтобусы з міліцыяй ёсць у дварах за універсамам «Цэнтральны». Міліцыянты ў чорнай форме выносяць з Палаца Рэспублікі металічныя турнікеты. Відаць, доступ на плошчу збіраюцца абмяжоўваць.
Праспект Незалежнасці, як заўжды, запоўнены людзьмі.