Былы студэнт патрабуе прызнаць адлічэнне палітычна матываваным
У судзе Савецкага раёна Мінска былы студэнт БНТУ Алесь Крот спрабуе аднавіцца на вучобе.
Хлопец настойвае, што сапраўднай прычынай яго адлічэння з будаўнічага факультэта была яго актыўная грамадская дзейнасць.
Дэкан жа завочнага факультэта Павал Юхнеўскі настойвае на тым, што Алесь Крот быў кепскім студэнтам, бо меў акадэмічную запазычаннасць.
Былы студэнт з’яўляўся актывістам прафсаюзнай групы “Студэнцкая Рада”, якая была створана ў 2008 годзе. Алеся адлічылі з вучобы 16 лютага. За два тыдні да гэтага ў яго і яшчэ двух актывістаў групы правялі ператрус, падчас якога забралі асабістыя рэчы. Алесь Крот паведаміў, што супрацоўнікі КДБ зацікавіліся яго студэнцкім білетам.
Алесь Крот лічыць адлічэнне з вучобы палітычна матываваным і дамагаецца аднаўлення праз суд. Першае судовае пасяджэнне адбылося 1 чэрвеня. Падтрымаць Алеся прыйшлі 15 студэнтаў. Хлопец падаў хадайніцтва, каб на наступнае пасяджэнне, якое адбудзецца 17 ліпеня, суд прадставіў вялікае памяшканне, каб маглі прысутнічаць усе жадаючыя.