Станіслаў Шушкевіч: “У Беларусі есць такія людзі, як Сахараў. Яны сення ў турмах”
Споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння выбітнага фізіка, дысідэнта, аднаго з першых савецкіх праваабаронцаў, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Андрэя Сахарава.
Сваімі ўспамінамі ад знаёмства з акадэмікам Сахаравым дзеліцца беларускі палітык, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
РР: Як адбылося вашае знаёмства з Андрэем Сахаравым і якое ўражанне на вас зрабіла гэтае знаёмства?
– Што гэта быў за фізік, мы ўсе добра ведалі, тыя, хто займаўся фізікай, што гэта яго дасягненне – вадародная бомба. Я яго ўпершыню ўбачыў на З’ездзе народных дэпутатаў у таварыстве яго жонкі Алены Бонэр у холе гатэля “Масква”. Ён быў са сваімі сябрамі, са знаёмымі дэпутатамі. Я стаяў і слухаў, пра што там гаворка, і мне здавалася, што гэта чалавек, у якога захавалася чыстае ўспрыняццё наваколля, чыстае ўспрыняццё людзей. Ён так гаварыў, як быццам ён і не занадта вядомы. А пасля быў яго выступ на З’ездзе народных дэпутатаў, дзе палова дэпутатаў успрымала яго вельмі добра, а палова проста лічыла, што ён здраднік, па-савецкаму да яго падыходзіла. Я зразумеў, дзякуючы яму, што такое З’езд народных дэпутатаў, што ён складаецца з паловы людзей дэмакратычна арыентаваных, і з паловы людзей камуністычна арыентаваных. Я не магу сказаць, што я з ім быў добра знаёмы. Не. Мы былі знаёмы. Пазнаёміліся пры чарговай гаворцы, і проста ён для мяне быў вялікім аўтарытэтам, як фізік, як чалавек, які змагаўся за правы чалавека, як чалавек, які сусветна вядомы і з якім так дрэнна паступіла савецкая ўлада. Я гэта ўсё ведаў і проста ганарыўся, што магу быць побач, што магу яго слухаць. Пасля было сумнае – ён памёр за дзень да майго дня нараджэння. Я быў на пахаванні і там ужо была абсалютна іншая абстаноўка, там сабраліся тыя, якія разумелі, хто такі Сахараў і што ён зрабіў.
РР: Калі казаць адносна сучаснай Беларусі, наколькі важна ведаць і разумець усё тое, што было зроблена ў свой час Андрэем Сахаравым?
– Што да сучаснай Беларусі і яе ўлады, то гэтая ўлада прытрымліваецца антысахараўскіх прынцыпаў і падыходаў, і тут што-небудзь ад гэтага чалавека фактычна адсутнічае. Яго памяць ушаноўвае значна лепей Еўропа, ЗША, дзе ў Вашынгтоне ёсць пляц Сахарава. У нас у Менску ёсць Сахараўскі коледж, я адзін з яго заснавальнікаў, гэта было зроблена разам з Аленай Бонэр, з якой я сапраўды быў добра знаёмы і з якой меў шмат размоваў. І я ведаю, што калі ў Злучаных Штатах гавораць пра Сахарава, то гавораць як пра святога чалавека. З майго пункту гледжання, гэта сапраўды так. Будучы такім вялікім фізікам і займаючы такія папярэднія высокія пасады, ён стаў дэпутатам і напісаў праект Канстытуцыі. Гэта даволі цікавы дакумент. Гэта чалавек, які ўвесь час думаў, тварыў. Я не ведаю большага аўтарытэта, чым Сахараў.
РР: Вы сказалі пра “сахараўскія прынцыпы, падыходы”, што гэта за прынцыпы?
– Адзін прынцып быў у Сахарава – гэта сумленнасць, гэта праўда пры ўсіх забаронах такога падыходу. І ён свята прытрымліваўся гэтага прынцыпу. Усё астатняе, мне здаецца, гэта ўжо вынікае адсюль: і правы чалавека, і стойкасць яго як змагара. І другое – гэта быў сапраўды вялікі талент. Такія нараджаюцца вельмі рэдка.
РР: Застаецца пажадаць, каб як мага больш нас прытрымлівалася такіх прынцыпаў…
– Так, гэта найважнейшае. Хачу сказаць, што ў Беларусі такія людзі ёсць. У палітыцы такія людзі ёсць. Яны сёння пераважна ў турмах, і, на маю думку, гэта часовая з’ява, таму што праўда павінна перамагчы. І гэта будзе свята “сахараўскіх прынцыпаў”.