«Шляхі еўрапеізацыі Беларусі: паміж палітыкай і канструяваннем ідэнтычнасці»

Вашай увазе прапануецца рэцэнзія нямецкай даследчыцы Астрыд Зам на кнігу «Шляхі еўрапеізацыі Беларусі: паміж палітыкай і канструяваннем ідэнтычнасці (1991–2010)» (пад рэд. В. Шпарагі).

Гэта даследванне было падрыхтавана ў межах працы Лабараторыі Цэнтру еўрапейскіх даследаванняў у Мінску. У манаграфіі прапаноўваецца цэлы спектр азначэнняў паняцця еўрапеізацыі: ад «еўрапеізацыі палітыкі» ды «еўрапеізацыі зверху і знізу» да еўрапеізацыі сацыяльных практыкаў, веды і паўсядзённай культуры. Усе гэтыя стратэгіі аўтары змяшчаюць у беларускі кантэкст, каб даследаваць умовы, магчымасці ды перспектывы іх ажыццяўлення ў Беларусі.

***

У міждысцыплінарнай калектыўнай манаграфіі «Шляхі еўрапеізацыі Беларусі: паміж палітыкай і канструяваннем ідэнтычнасці (1991–2010)» разглядаецца надзвычай актуальнае для Беларусі пытанне пра тое, якая ўзаемасувязь існуе паміж еўрапеізацыяй і канструяваннем нацыянальнай ідэнтычнасці. Паняцце «еўрапеізацыя» пры гэтым не ідэалізуецца, а ўжываецца як аналітычная катэгорыя з рознымі вымярэннямі. Апроч палітычных, аўтары ўздымаюць перадусім гістарычныя і культурныя аспекты еўрапеізацыі, у той час як эканамічная сфера, хоць і ўлічваецца, але не разглядаецца сістэматычна. Пры гэтым артыкулы – за выключэннем хутчэй агляднага матэрыялу Анатоля Круглашова і Юліі Коцкай – у цэлым вылучаюцца высокай ступенню актуальнасці і шырокім выкарыстаннем адпаведнай літаратуры.

Асаблівая заслуга манаграфіі, апроч яе міждысцыплінарнасці, палягае на тым, што ў ёй пазбягаецца шырока распаўсюджанае супрацьпастаўленне беларускага і еўрапейскага дыскурсаў: аўтары ўспрымаюць першы як частку апошняга.

І хаця Беларусь пераважна размяшчаецца імі на еўрапейскай перыферыі, за беларускімі актарамі ўсё ж прызнаецца роля як аб’ектаў, так і суб’ектаў еўрапеізацыі.

Гэтаксама аўтары пазбягаюць звычайна частага, на жаль, ураўноўвання Еўропы і Еўрапейскага Звязу. Таксама важна, што даследчыкі не проста канстатуюць несупадзенне пэўных беларускіх працэсаў з еўрапейскімі тэндэнцыямі развіцця, каштоўнасцямі і г.д., але ставяць пытанне пра прычыны гэтых феноменаў, да якіх можна аднесці, напрыклад, апраўданы страх перад каланіялізацыяй з боку дамінуючага ЕЗ. Аўтары таксама шукаюць падыходы для аб’яднання гэтых адрозных пазіцыяў.

Даследчыкі апісваюць разуменне еўрапеізацыі з боку ўсіх рэлевантных палітычных актараў у Беларусі. Пры гэтым аўтары ўказваюць на патэнцыял і супярэчнасці, якія можна сустрэць як ва ўладных шэрагах на нацыянальным і рэгіянальным узроўні, так і сярод палітычнай апазіцыі.

Яны таксама даследуюць узаемасувязь паміж рыторыкай і палітычнай практыкай ды прыходзяць такім чынам да розніцы паміж сутнаснай і дэкаратыўнай еўрапеізацыяй.

Адначасова аўтары ставяць пытанне, як еўрапеізацыя разнастайных актараў, напрыклад, гісторыкаў, можа ўмацоўвацца ўжо цяпер.

Аднак цэнтральнае значэнне для манаграфіі мае адрозненне паміж еўрапеізацыяй знізу і еўрапеізацыяй зверху. Гэта значыць, разглядаюцца не толькі планаваныя палітычнымі актарамі вынікі еўрапеізацыі, але і еўрапеізацыя, якая перадаецца праз штодзённыя практыкі і часам ажыццяўляецца ненаўмысна. Адпаведна, аўтары ўжываюць таксама паняцце пасіўнай еўрапеізацыі, якая вынікае ўжо толькі з таго, што Беларусь уключаная ў агульнаеўрапейскія працэсы ўзаемадзеяння праз гандаль таварамі, сучасныя сродкі камунікацыі ды г.д.

Што праўда, толькі артыкул Дзмітрыя Калядава разглядае пытанне, як пэўныя аспекты еўрапеізацыі ўспрымаюцца насельніцтвам. Іншыя артыкулы, прысвечаныя еўрапеізацыі знізу, аналізуюць дэ-факта – без уліку частковых спасылак на сацыялагічныя апытанні – выключна дыскурсы элітаў.

Да таго ж абмежаванне дыскурсіўным аналізам звужае магчымасці ідэнтыфікаваць паспяховыя прыклады пасіўнай еўрапеізацыі ў беларускім грамадстве, якія выходзяць за межы асваення стэрэатыпных вобразаў «еўрапейскага» як знаку асаблівай раскошы ці вышэйшай якасці. Такія прыклады можна было б адшукаць, сярод іншага, праз сацыялагічны аналіз інтарэсаў і патрэбаў канкрэтных мэтавых групаў або пэўных сацыяльных практыкаў і канкрэтных праектаў. Сюды адносяцца, напрыклад, інстытут валанцёрства, змена вобразу старых людзей ды іх цікавасць да магчымасцяў навучання цягам жыцця або супраца гарадоў-пабрацімаў і Чарнобыльскіх ініцыятываў.

Гэта, аднак, не прымяншае значнасці манаграфіі, а толькі акрэслівае патрэбу далейшага вывучэння тэмы.

Пры гэтым было б пажадана, каб у будучыні ў зборнік уваходзіў не адзін, а некалькі артыкулаў замежных аўтараў – гэта дазволіла б паказаць разнастайныя пазіцыі даследчыкаў еўрапеізацыі ўнутры самога Еўразвязу.

Бо для ўнутраных беларускіх дэбатаў веданне пазабеларускіх дыскурсаў мае асаблівае значэнне. Да таго ж варта больш падрабязна разгледзець узаемаўплыў еўрапеізацыі зверху і знізу.
Астрыд Зам – доктар філасофскіх навук, палітолаг,
чалец праўлення Нямецка-беларускага таварыства

Пераклад з нямецкай мовы А. Талапілы

Абмеркаванне манаграфіі адбудзецца 23 сакавіка, а 18.30 у галерэі “Ў”. Падрабязней гл. тут

Прэзентацыя манаграфіі адбудзецца 29 сакавіка, а 18.30 у галерэі «Ў». Сачыце за дадатковай інфармацыяй.