Якое месца займаюць у часопісе «ARCHE» еўрапейская ідэя ды ідэя еўрапеізацыі Беларусі?Чаго баіцца рэжым Лукашэнкі?
На гэтыя і іншыя пытанні адказаў часопісу "Новая Еўропа" галоўны рэдактар «ARCHE» Валер Булгакаў.
Якое месца займаюць у часопісе еўрапейская ідэя ды ідэя еўрапеізацыі Беларусі?
Мы бачым еўрапеізацыю праз стварэнне беларускай праеўрапейскай ідэнтычнасці. Гэта наўрад ці можна канструяваць на ўзроўні нейкага мікракосму. Рэдакцыйная палітыка ў такім кірунку азначала б жорсткія ідэалагічныя абмежаванні. Мы друкуем тых аўтараў, якія дазваляюць нам лепш зразумець, што такое Беларусь.
Напрыклад, адзін з самых геніяльных тэкстаў, прысвечаных лукашэнкаўскуму рэжыму, быў напісаны японскім палітолагам Кімітака Мацузата. Ён быў надрукаваны ў «ARCHE» 2005 годзе і зрабіў сапраўдную сенсацыю. На мой погляд, не лінейка аўтараў можа зрабіць Беларусь еўрапейскай краінай, а толькі паслядоўная праца беларускіх элітаў па культывацыі ў нацыянальным маштабе такой платформы ідэнтычнасці, якая апазнае Еўропу як сваё і адначасова ідэнтыфікуе нейкія іншыя палітычныя структуры як чужое.
Якім будзе лёс беларускага нацыяналізму, на Ваш погляд?
Вывучэнне нацыяналізму – гэта, на мой погляд, наогул спосаб зразумець цяпершчыну. Відавочна, што ёсць вялікае зацікаўленне грамадства ў гэтай праблематыцы. Афіцыйная акадэмічная структура, у сваю чаргу, таксама гэтую тэму пастаянна падымае. Аднак сучасныя даследванні ў гэтай галіне застаюцца справай энтузіястаў, і іх якасць залежыць ад персаналіяў у гісторыі. Добра, што гэтыя даследаванні наогул пачаліся, але мы яшчэ далёкія ад іх лагічнага завяршэння.
Адзначу аднак, што цяперашняя сітуацыя беларускага аўтарытарызму спрыяльная тым, што яна ўвесь час складае нейкія канфліктныя лініі разрыву, і працуе той нацыяналістычны праект, які матывуе на змаганне. Нацыянальнае ўтварэнне працягваецца, але ніхто не ведае, ці паспяхова яно скончыцца. Гэтае пытанне застаецца адкрытым.
Будучае Беларусі залежыць ад нас з вамі з аднаго боку, а з другога боку ад падзеяў, якія мелі месца ў ранейшай інтэлектуальнай гісторыі. Калі б Францішак Багушэвіч выдаў «Дудку беларускую» на 30 гадоў раней, то гісторыя б пацякла па-іншаму.
Нацыятварэнне працягваецца. Вазьміце, напрыклад, гістарычную рэакцыю афіцыёзу лукашэнкаўскага, што нацыяналіст як такое злобнае стварэнне заняў сваю ролю ў публічным дыскурсе. Сама дынаміка прапаганды паказвае фобіі ды выклікі, з якімі гэты рэжым сустракаецца. Крымінальны пераслед нацыяналістычных рухаў накшталт «Маладога фронту» паказвае, што гэта сапраўды фобія. Але асноўнае пытанне не ў тым, што цяпер, а наколькі мы эфектыўна працуем. Наколькі нашая тэорыя адэкватная рэальнасці, пакажа час, калі Лукашэнка сыдзе. І гэта мусіць расставіць кропкі над “і”. Я не схільны ў ружовых аптымістычных катэгорыях думаць пра тое, што будзе пасля звяржэння аўтарытарызму ў краіне. Толькі час раставіць усе кропкі над і. Дзеля дасягнення поспеху, на мой погляд, інтэлектуалы мусяць аб’яднаць свае сілы.
Якая задача стаіць сёння перад беларускімі інтэлектуаламі?
Інтэлектуалы мусяць выступаць адзінаю сілай, не дапускаць лініяў разлому ў сваім асяроддзі. Яны мусяць уважліва сачыць, чаго баіцца беларускі рэжым. Відавочна, што ён баіцца салідарнасці, кансалідацыі, ініцыятываў, накіраваных на моладзь і падрастаючае пакаленне. З гэтага і мусім рабіць высновы. Рэжым баіцца нашага выхаду на большую публіку ўвогуле. Тыя, хто прабіваецца на большую аўдыторыю, робяцца аб’ектам дзяржаўных рэпрэсіяў, таму трэба генераваць нейкія праекты, якія будуць адэкватныя часу.
Не трэба ніякіх сіметрычных адказаў, нельга ісці на паваду. Трэба нейкім чынам прадукаваць выклікі, што будуць ставіць у тупік нашую уладу, бо сама выбарчая кампанія была досыць паспяховая. Да самага апошняга моманту яна захоўвала інтрыгу. З пункту гледжання тактыкі яна была, на мой погляд, бліскучая.