Ля Чырвонага касцёла штодня свечкі і малітвы за палітвязняў
Штодня ля Чырвонага касцёла ў Менску а 20-й гадзіне збіраюцца неабыякавыя людзі, каб запаліць свечкі салідарнасці і супольна памаліцца за палітвызняў.
рыходзяць і сталыя людзі, і моладзь. Яны запальваюць свечкі і знічы ды ставяць іх каля скульптуры арханёла Міхаіла, які перамаге цмока, бо гэтая скульптура сымбалізуе перамогу Дабра над злом, Святла над цемрай, Праўды над хлуснёй. Хтосці прыносіць сюды і партрэты арыштаваных палітвязняў.
Людзі малітоўна ўзгадваюць усіх, хто зараз нявінна зняволены ў ізалятарах і турмах, моляцца за свабоду нашай краіны і напрыканцы абавязкова спяваюць беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.
Пакуль тых, хто збіраецца ля касцёла, няшмат, ад 10 да 20 чалавек штодня, але яны спадзяюцца на салідарнасць іншых беларусаў і ўжо назвалі сваю ініцыятыву “Нельга забыць!”. Гэтая ініцыятыва ўзнікла стыхійна 19 студзеня падчас акцыі салідарнасці з арыштаванымі і пацярпелымі пасля падзеяў Плошчы-2010.
Запрашаем усіх неабыякавых людзей далучацца гэтых малітоўных акцыяў. А калі вы не можаце прыйсці, проста ў 20-00 выключыце святло ў сваёй кватэры, запаліце на вокнах свечкі і далучайцеся да агульнай малітвы. Таксама нагадваем, што ўжо 6-ты год трывае пост і ўзмоцненая малітва хрысціянаў за Беларусь кожную пятніцу таксама а 8-й вечара.