Еўрапарламент абсалютнай большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю па Беларусі
У чацвер дэпутаты Еўрапарламента з дробнымі праўкамі прагаласавалі па прадстаўленым 19 студзеня ўзгодненым тэксце рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі.
У дакуменце Еўрапарламент заклікае органы ЕС абдумаць кропкавыя эканамічныя санкцыі і замарозку фінансавай дапамогі Беларусі, забараніць уезд чыноўнікам і прыпыніць удзел краіны ва “Усходнім партнёрстве”, а таксама прапануе падтрымаць незалежныя СМІ і выказвае меркаванне, што чэмпіянат свету па хакеі 2014 года не павінен праводзіцца ў Беларусі, пакуль у краіне ёсць палітвязні.
На прапанову Яцэка Пратасевіча, у тэксце рэзалюцыі згаданыя імёны чатырох былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія па сёння знаходзяцца ў турме КДБ — Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Алесь Міхалевіч. На прапанову Юстаса Палецкіса, у тэксце рэзалюцыі згадана, што Еўрапарламент асабліва занепакоены станам здароўя Мікалая Статкевіча, якія трымае галадоўку больш за 30 дзён.
У прынятай рэзалюцыі Еўрапарламент заклікае Савет міністраў ЕС, Еўракамісію і Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежнай палітыцы, сярод іншага:
– Перагледзець палітыку ЕС да Беларусі, уключна з эканамічнымі санкцыямі і замарозкай усёй макраэканамічнай дапамогі ў выглядзе крэдытаў ад МВФ, а таксама праграмаў Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка развіцця і рэканструкцыі;
– Падтрымаць намаганні беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ (у прыватнасці, Еўрапейскага радыё для Беларусі, тэлебачання “Белсат”, Радыё Рацыя і іншых) і недзяржаўных арганізацый у Беларусі прамаваць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму; бачыць неабходнасць развіваць і падтрымліваць адносіны беларускіх НДА з міжнароднай НДА-супольнасцю; у той жа час заклікае Камісію спыніць супрацоўніцтва і адклікаць дапамогу, якая аказваецца дзяржаўным СМІ у Беларусі;
– Працягнуць фінансавую дапамогу Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту ды павялічыць яе памер, а таксама колькасць стыпендый для беларускіх студэнтаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю і былі выключаныя з ўніверсітэтаў;
– Неадкладна размарозіць візавыя санкцыі ў дачыненні да высокіх беларускіх дзяржслужбоўцаў ды пашырыць іх на чыноўнікаў, прадстаўнікоў юстыцыі ды праваахоўнікаў, якіх можна лічыць адказнымі за фальсіфікацыю выбараў ды жорсткія паслявыбарчыя рэпрэсіі, арышты апазіцыі, замарозіць іх рахункі; адзначае, што санкцыі мусяць заставацца ў сіле як мінімум да моманту вызвалення ўсіх палітвязняў ды затрыманых, і зняцця з іх усіх абвінавачанняў;
– Разгледзіць магчымасць замарозкі ўдзелу Беларусі ў праграмах Ўсходняга партнёрства і ў Саміце ініцыятывы ў Будапешце, калі не будзе “прымальнага тлумачэння і значнага паляпшэння сітуацыі ў Беларусі”; гэтая замарозка не будзе датычыцца НДА і грамадскай супольнасці.
Апрача таго, рэзалюцыя:
– Заклікае да новых выбараў ” свабодных і дэмакратычных умовах паводле стандартаў АБСЕ”.
– Асуджае выкарыстанне брутальнай сілы міліцыі і спецлслужбаў супраць пратэстоўцаў, а асабліва брутальным нападам на Ўладзіміра Някляева, выражае занепакоенасць “спробамі беларускіх уладаў узяць пад дзяржаўнае апекунства Данілу Саннікава, трохгадовага сына кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія зняволеныя з 19 снежня”.
– Вельмі асуджае арышты і затрыманні мірных пратэстоўцаў і большасці кандыдатаў у прэзідэнты, лідараў дэмакратычнай апазіцыі, а таксама вялікай колькасці грамадскіх актывістаў, журналістаў, настаўнікаў і студэнтаў, якім пагражаюць да 15 гадоў турэмнага зняволення;
– Заклікае неадкладна прыбраць палітычна матываваныя абвінавачанні і правесці незалежнае аб’ектыўнае міжнароднае расследванне падзеяў пад эгідай АБСЕ
– Патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення затрыманых, у тым ліку прызнаных Amnesty International вязнямі сумлення; заклікае беларускія ўлады забяспечыць доступ затрыманым да сваіх сваякоў, адвакатаў і медычнай дапамогі.
– Асуджае рэпрэсіі і заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць усе формы запалохванняў, прыцясненняў і пагрозаў актывістам грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праз напады, ператрусы і канфіскацыю матарыялаў у прыватных кватэрах, офісах СМІ і арганізацый, а таксама праз выключэнні з універсітэтаў і працоўных месцаў.
– Выказвае меркаванне, што спартовыя мерапрыемствы, такія як чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе, не павінны праводзіцца ў Беларусі, пакуль у краіне ёсць палітвязні.
– Шкадуе, што Расійская Федэрацыя зрабіла крок па прызнанні выбараў у Беларусі і назвала рэпрэсіі “унутранымі справамі” краіны.