Саннікаў і Някляеў – лідэры збору подпісаў сярод апазіцыйных кандыдатаў
ЦВК абвясціў дадзеныя аб колькасці подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.
У падтрымку лідэра кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава – 150.168;
лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева – 161.824;
намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука – 128.699;
намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сабрана 107.083 подпісаў;
сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага – 105.318;
лідэра аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча – 117.989;
кіраўніка саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча – 120.531;
Аляксандра Лукашэнкі – 1.113.014;
індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебска Уладзіміра Правальскага – 109.338;
эканаміста Віктара Цярэшчанкі – 122.520;
дырэктара ТДА «Трывіюм» Дзмітрыя Вуса – 110.753.
«Я не ведаю, хто на самой справе сабраў сто тысячаў подпісаў. Я ведаю, хто мог іх сабраць. Гэта Някляеў, Раманчук і нашая група. А па астатніх у мяне ёсць пытанні. Перыяд збору подпісаў, калі пайшло некалькі групаў, быў вельмі ўдалым. Ён спрыяў мабілізацыі і актыўнасці людзей. Мы не павінны згубіць гэтую дынаміку. І калі казаць пра ўсе дэмакратычныя сілы разам узятыя, дык мы сабралі амаль у два разы больш, чым на мінулых выбарах. Так што трэба сур’ёзна ўзважыць усе моманты», – сказаў лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў у інтэрв’ю «Радыё Свабода».