Зінаіда Бандарэнка: «Трэба думаць, якую краіну мы пакінем нашым дзецям (фота)
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка збірала ў аўторак подпісы за Андрэя Саннікава.
Зінаіда Бандарэнка ўзяла ўдзел у адным з пікетаў па зборы подпісаў за высоўванне Андрэя Саннікава кандыдатам ў прэзідэнты Беларусі. Разам з іншымі сябрамі ініцыятыўнай групы Народная артыстка Беларусі стаяла ў пікеце каля ўвахода ва ўнівермаг «Беларусь».
«Я бачу, што беларуски народ пачынае прачынацца. Я амаль кожны дзень падыходжу да зборшчыкаў подпісаў, і шмат дзе бачу чэргі, ля ГУМа дык увогуле адбываюцца сапраўдныя мітынгі. Абсалютна іншая сітуацыя з пікетамі па збору подпісаў за Лукашэнка. Колькі тут стаю, ні разу не бачыла, каб нехта да іх падышоў. Зразумела, што ёсць сур’ёзны недахоп інфармацыі, але людзі назіраюць, цікавяцца, задаюць пытанні, пачынаюць думаюць. Гэта вельмі добра. Трэба думаць. Трэба думаць не толькі аб сабе, а аб тым, якую краіну мы пакінем нашым дзецям і нашым унукам. Вельмі важна, каб мы пакінулі ім нармальную, еўрапейскую Беларусь», — распавяла Зінаіда Бандарэнка прэс-службе грамадзянскай кампании «Еўрапейская Беларусь».