Андрэй Саннікаў: «Разам з вамі я буду змагацца да Перамогі»
Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў выступіў са зваротам.
Дарагія суайчыннікі!
Воля народа павінна быць асновай улады. Так запісана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Там таксама сказана, што гэтую волю народ дэманструе на сумленных выбарах.
Аднак народ Беларусі магчымасці выказаць сваю волю пазбаўлены. І гэтым разам разлічваць на выбары не прыходзіцца. Тым не менш, мы разам павінны вярнуць сваё законнае права выбіраць свой урад.
Лукашэнка не мае права ўдзельнічаць у выбарах. Так, у 1994 годзе людзі абралі яго, але абіралі на пяць гадоў, якія ён адразу ж ператварыў у сем, змяніўшы канстытуцыю ў 1996 годзе. Да наступных выбараў былі ліквідаваныя палітычныя лідэры, праціўнікі Лукашэнкі. У 2004 годзе ён у чарговы раз памяняў канстытуцыю, замахнуўшыся на пажыццёвае праўленне. Былі парушаныя не толькі законы, але і нормы маралі. Міжнародная супольнасць не прызнала вынікі рэферэндумаў 1996 і 2004 гадоў.
Вынікі непрызнаных выбараў і рэферэндумаў забяспечвала цяперашняя старшыня ЦВК Ярмошына. За фальсіфікацыю выбараў міжнародная супольнасць ўвяла супраць яе санкцыі, якія дзейнічаюць да гэтага часу. Нават супраць Лукашэнкі візавыя абмежаванні прыпыненыя. Выбары пад кіраўніцтвам Ярмошынай – ганьба для Беларусі.
Сёння з’явілася рэальная магчымасць разарваць заганнае кола і даць Беларусі свабоду.
Свабода патрэбная ўсім. Прадпрымальнікам і чыноўнікам, студэнтам і працоўным, пенсіянерам і вайскоўцам, настаўнікам і сялянам. Вызваліўшыся, мы вельмі хутка станем нармальнай краінай, якую будуць паважаць у свеце.
Для гэтага трэба паверыць у свае сілы, не баяцца і ісці наперад да перамогі.
Нас шмат, нас большасць. Сацапытанні сёння кажуць пра тое, што большасць грамадзянаў Беларусі не будуць галасаваць за Лукашэнку. Ды і як можна галасаваць за дыктатара, які ўмудрыўся пасварыцца з усімі натуральнымі партнёрамі Беларусі і шукае ратунку ў такіх жа дыктатараў, як ён сам? Як можна галасаваць за чалавека, якога міжнародная супольнасць падазрае ў датычнасці да палітычных забойстваў?
Рэжым доўгія гады падмінаў пад сябе ўсё, сеяў страх і пладзіў спецслужбы. Ён паразітаваў на нафтагазавых датацыях Расеі і бяздумна набіраў крэдыты. Дзясяткі мільярдаў даляраў сышлі невядома куды. На працягу многіх гадоў галоўным сваім дасягненнем Лукашэнка называў адсутнасць у краіне голаду. Яго палітыка прывяла да таго, што за апошнія 16 гадоў колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 700 000 чалавек. Мы павінны спыніць дыктатуру, аднавіць вяршэнства закона, спыніць знішчэнне народа.
Вызваліўшыся ад дыктатуры, мы адразу ж пакончым з самаізаляцыяй Беларусі, адновім добрыя стасункі з Расеяй, наладзім супрацоўніцтва з Украінай, скарыстаемся прапанаванай Еўразвязам дапамогай для развіцця краіны, задзейнічаем патэнцыял стасункаў з краінамі Балтыі і Польшчай.
Перамены як ніколі блізкія. Кантакты з чыноўнікамі сведчаць пра тое, што нават сярод іх шмат разважлівых людзей, якія спадзяюцца на змены ва ўладзе. Усе разумеюць, што час Лукашэнкі скончыўся. Я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб апошняя дыктатура Еўропы нарэшце абрынулася, але мне патрэбная вашая падтрымка.
Сёння прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць супраць дзеючай улады недастаткова. Мы ўсё гэта ўжо даўно засвоілі. Мы зможам адстаяць свае інтарэсы толькі тады, калі зможам абараніць свой выбар.
Я звяртаюся да вас – да тых, хто хоча пераменаў і верыць мне, – па канкрэтную дапамогу. Уступайце ў маю ініцыятыўную групу, збірайце подпісы, усімі дасягальнымі спосабамі распаўсюджвайце інфармацыю пра непазбежнасць падзення дыктатуры і неабходнасць барацьбы за свабоду, збірайце сродкі для вырабу і распаўсюду інфармацыйных матэрыялаў – гэта дазволена законам. Для таго, каб удзельнічаць у выбарчай кампаніі я вырашыў прадаць сваю кватэру. Мы павінны выкарыстоўваць усе магчымасці, каб рэалізаваць наш шанец.
Звяртаюся да беларусаў усяго свету: сёння вы можаце дапамагчы нашай радзіме, можаце наблізіць перамогу над дыктатурай. Сучасныя тэхналогіі і сродкі камунікацыі дазваляюць вам быць актыўнымі ўдзельнікамі барацьбы за свабоду Беларусі.
Дыктатура будзе ўсяляк перашкаджаць маёй кампаніі. Ужо на пачатковым этапе будуць спробы нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Ведайце, што мяне нішто не спыніць, разам з вамі я буду змагацца да Перамогі.
У маёй камандзе паважаныя людзі, прафесіяналы. Дзверы ў каманду адкрытыя для ўсіх, хто, як і мы, гатовы змагацца за свабодную еўрапейскую Беларусь.
У нас усіх ёсць шанец сустрэць Новы год ужо ў нармальнай краіне!
За нармальную Беларусь!
Калі вы жадаеце ўвайсці ў ініцыятыўную групу Андрэя Саннікава:
Тэлефануйце: +375-29-9465052, +375 29 681 57 37
Звязвайцеся па скайпе: jauhen
Ці пішыце на электронную пошту: europeanbelarus@gmail.com