Хурскайнэн: Адмена сьмяротнага пакараньня – не адзіная ўмова

Адмена альбо ўвядзеньне маратору на сьмяротнае пакараньне зьяўляецца не адзінай умовай для аднаўленьня для беларускага парлямэнту статуса спэцыяльнага запрошанага ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы.

Пра гэта заявіла дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаньнях ПАРЭ Сініка Хурскайнэн на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый у Менску.

“Гэта пытаньне зьяўляецца не адзіным, але галоўным. Ёсьць яшчэ пытаньні па свабодзе СМІ, сытуацыі з правамі чалавека, дэмакратыі”, заявіла Хурскайнэн, паведамляе Інтэрфакс.

Што да пытаньня сьмяротнага пакараньня, палітык заўважыла, што ў Парялямэнцкай Асамблеі будзе ўлічвацца і меркаваньне беларускага грамадзтва па гэтым пытаньні.

Дакладчык па Беларусі камісіі па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Сініка Хурскайнэн прыбыла ў Менск у панядзелак з трохдзённым візытам.

У панядзелак яна сустрэлася з намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктарам Гумінскім, старшынём Савета Рэспублікі Анатолем Рубінавым. Заплянаваныя сустрэчы зь міністрам юстыцыі Віктарам Галяванавым, генэральным пракурорам Рыгорам Васілевічам, кіраўніком працоўнай групы парлямэнту па пытаньнях сьмяротнага пакараньня Мікалаем Самасейкам, намесьнікам міністра замежных спраў Валерыем Варанецкім, міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім.

Сёньня а 16-й гадзіне ў канфэрэнц-залі гатэлю “Краўн Плаза” адбудзецца сустрэча спадарыні Хурскайнэн зь лідэрамі палітычных партый і прадстаўнікамі грамадзкіх аб’яднаньняў.

svaboda.org