Беларусь прапіла мільён мужчын

Празьмернае ўжываньне алькагольных напояў падрывае дэмаграфічнае становішча ў сьвеце ў цэлым і ў Беларусі ў прыватнасьці.

Такую думку, як паведамляе БелаПАН, выказаў старшыня беларускага грамадзкага аб’яднаньня “Цьвярозасьць-Аптымаліст” Валянцін Талкачоў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 5 жніўня.

“Ва ўсім сьвеце на 100 дзяўчынак нараджаецца 105-107 хлопчыкаў, — сказаў Талкачоў. — Але з часам, у асноўным у хрысьціянскіх краінах, дзе культывуецца ўжываньне алькаголю, колькасьць мужчын зьмяншаецца. Мы нядаўна былі ў Лепелі (Віцебская вобласьць): з 10 тыс. пэнсіянэраў толькі 2 тыс. — мужчыны. Умоўна кажучы, на акругленыя 9 млн. насельніцтва нам не хапае яшчэ 1 млн. мужчын”.

“У Менскай вобласьці мы ўбачылі, што ў такі час, калі трэба ўбіраць ураджай, насельніцтва ў асноўным п’янае. А ў магазынах прадаецца прыблізна 50-70 найменьняў “чарніл”, якія ў Савецкім Саюзе рабіліся з гнілых яблыкаў, а зараз гэта жудаснай якасьці сьпірт, фарбавальнікі і хімія”, — дадаў ён.

У сваю чаргу галоўны нарколяг міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксей Аляксандраў зазначыў, што па выніках мінулага году ў краіне было прададзена сьпіртных напояў у колькасьці 12 літраў абсалютнага алькаголю на душу насельніцтва. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што па выніках паўгодзьдзя 2010 году спажываньне алькаголю зьнізілася ў параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам вельмі нязначна, усяго на 0,4%.

“Інакш кажучы, кожны жыхар Беларусі, ад немаўляці да старога, выпівае 50 бутэлек гарэлкі за год”, — сказаў Аляксандраў.

Галоўны нарколяг зазначыў, што нежаданьне людзей, якія выпіваюць, прызнаць сябе хворымі на алькагалізм і зьвярнуцца па дапамогу, цесна зьвязана з традыцыямі нашага грамадзтва, калі спажываньне алькаголю — гэта сацыяльная норма.

svaboda.org