Саннікаў, Шушкевіч, Лябедзька патрабуюць міжнароднага расследавання справаў зніклых
Беларускія апазіцыйныя палітыкі маюць намер звярнуцца ў ААН і Еўрапарламент з мэтай ініцыіравання міжнароднага расследавання па справе зніклых.
Такую заяву ў пятніцу зрабілі каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, кіраўнік БСДГ Станіслаў Шушкевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч.
Прэс‑канферэнцыя выклікала вялікую цікавасць. Прыйшлі на яе не толькі прадстаўнікі расійскіх тэлеканалаў, але і Беларускага тэлебачання.
Андрэй Саннікаў зазначыў, што адной з нагод гэтага мерапрыемстваў стаў фільм «Хросны бацька», паказаны на НТВ. «З’явіўся шанец пасунуць расследаванне знікненняў вядомых людзей. Можа з’явіцца і новая інфармацыя.
У 2005 годзе пры ААН была створаная адмысловая камісія па справе расследавання забойства ліванскага прэм’ера Харыры. Мы будзем дамагацца падобнага», — кажа А.Саннікаў.
Анатоль Лябедзька гаворыць, што ягоная партыя ўжо на наступны дзень пасля паказу фільму «Хросны бацька» звярнулася ў Генеральную пракуратуру з мэтай завядзенне крымінальнай справы па фактах, што былі агучаныя ў праграме НТВ, альбо завесці справу на журналістаў. «Васілевіч маўчыць, але не значыць, што павінны маўчаць астатнія. Гэта таксама будзе гарантыяй бяспекі для тых палітыкаў, што збіраюцца ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах сёлета».
Сяргей Калякін спыніўся на тым, што тэма знікненняў палітыкаў і журналістаў неаднаразова падымалася на сустрэчах з расійскімі партнёрамі. «Але ўсё 11 гадоў Расія не прымала актыўны ўдзел у расследаванні.
Хутчэй за ўсё, калі ўлічыць цесныя сувязі беларускіх і расійскіх спецслужб, у Маскве валодаюць больш шырокай інфармацыяй па гэтых знікненнях», — кажа С.Калякін.
Станіслаў Шушкевіч лічыць, што беларускія паліттэхнолагі спрабуюць пачаць у Беларусі антырасійскую рыторыку.
«Не можа Расія быць нашым ворагам, мы суседзі. Нам кажуць, што Лукашэнка гарант незалежнасці, але не можа быць гарантам чалавек, які не разбіраецца ў беларускасці, мове, гісторыі. Нас такі кіраўнік не можа прывесці да незалежнасці».
Віктар Івашкевіч паведаміў, што сёння ў Мінгарвыканкам падаецца заяўка на мітынг і шэсце на 16 жніўня з патрабаваннем расследавання справаў зніклых. Акцыя мае прайсці ад 18 да 20 гадзіны па маршруце Акадэмія навук — пляц Волі.