“Свабодны тэатар” і Андрэй Саннікаў у Лoндане
У Цэнтры свабоднага слова ў Лёндане драматург Том Стопард прадстаўляе кіраўнікоў "Свабоднага тэатру" Натальлю Каляду і Мікалая Халезіна, а таксама апазыцыйнага лідэра і прадстаўніка Хартыі-97 Андрэя Саннікава.
Радыё “Свабода” зьвязалася па тэлефоне з Натальляй Калядой і Андрэем Саннікавым, просячы іх расказаць больш дэталёва пра гэтае мерапрыемства.
Натальля Каляда: Сёньня ў Лёндане арганізацыя Index on Censorship прадставіць наш “Свабодны тэатар”. На гэтай сустрэчы будзе прысутнічаць і Андрэй Саньнікаў. На сустрэчы адбудзецца відэапаказ трэцяй часткі нашага спэктаклю, які называецца “Лічбы”. Гэты спэктакль гаворыць аб сытуацыі ў Беларусі толькі ў лічбах.
РС: Як “Свабодны тэатар” адольвае моўны бар’ер, выступаючы перад замежнай публікай?
Натальля Каляда
Натальля Каляда: Гэта вельмі проста, таму што заўсёды выкарыстоўваюцца субтытры на мове той краіны, дзе мы паказваем наш спэктакль.
РС: У прамоцыю як “Свабоднага тэатру”, так і кампаніі за свабоду выказваньня ў Беларусі ўключыўся вядомы ў сьвеце драматург Том Стопард. Скажыце, калі ласка, адкуль у яго цікавасьць як да вашага тэатру, так і да Беларусі?
Натальля Каляда: Мы пазнаёміліся з Томам Стопардам шэсьць гадоў таму. Мы напісалі яму ліст і папрасілі яго, каб ён стаў патронам “Свабоднага тэатру”. Том Стопард адпісаў нам, што ён нас падтрымлівае і стане нашым патронам ды запытаўся, што яшчэ ён мог бы зрабіць для нас. Мы адказалі, што было б проста выдатна, калі б ён прыехаў у Беларусь і сустрэўся зь дзеячамі мастацтва, якія працуюць у падпольлі, ды зь людзьмі, якія спрабуюць зьмяніць палітычную сытуацыю ў краіне і праводзяць сваю дзейнасьць таксама ў цяжкіх умовах. Вось з гэтага і пачаліся нашыя блізкія ўзаемаадносіны. На сёньняшні дзень гэта сяброўскія, сямейныя адносіны. Том Стопард быў у нас дома, знаёмы з нашымі бацькамі. Нічога дзіўнага, што Том Стопард, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў краінам, якія знаходзіліся ці знаходзяцца ў такіх дыктатарскіх умовах як Беларусь, заняў такую жорсткую, маральную пазыцыю ў адносінах да дыктатуры ў Беларусі.
РС: Як я разумею, Том Стопард будзе адным з галоўных прамоўцаў на сёньняшняй прэзэнтацыі…
Натальля Каляда: Ён сёньня там будзе, так як ён быў і на акцыі 1 ліпеня, якая зь ініцыятывы “Свабоднага тэатру” праводзіцца ўжо некалькі гадоў. Акцыя называецца “Сусьветная мастацкая акцыя ў падтрымку Беларусі”, яе падтрымліваюць і Мік Джагер, і Вацлаў Гавэл, і Гаральд Пінтэр, і цэлы шэраг брытанскіх і амэрыканскіх дзеячоў мастацтва, уключаючы Стывэна Спілбэрга. Том Стопард прыйшоў 1 ліпеня пад беларускую амбасаду ў Лёндане, каб выказаць сваё меркаваньне пра новы закон у Беларусі аб цэнзуры ў інтэрнэце. І ён працягвае гэтую кампанію, ведаючы, што гэты год вельмі складаны для Беларусі, бо мы ўсе чакаем прэзыдэнцкіх выбараў.
РС: І пытаньне больш асабістага пляну. У Беларусі “Свабодны тэатар” працуе ў даволі цяжкіх умовах. Ці не было ў вас жаданьня кінуць Беларусь і зьехаць куды-небудзь, дзе ўмовы для працы былі б лепшыя?
Натальля Каляда: Мы атрымліваем велізарную колькасьць прапановаў ад шматлікіх краінаў — Францыі, Вялікабрытаніі, Амэрыкі — каб застацца ў іх і працаваць. Вось апошняя прапанова нам была зроблена ў ліпені сёлета ў Амэрыцы. Для нас гэта вельмі складанае рашэньне. Я не хачу маніць і казаць, што мы ніколі аб гэтым ня думалі, паколькі ідзе перасьлед сям’і і сяброў, акторам нельга працаваць, існуе забарона на выкананьне прафэсіі ў краіне. Але калі ў цябе вялікая колькасьць гледачоў, якія кажуць, што нашы спэктаклі дапамагаюць ім выходзіць на вуліцу і зьяўляюцца для іх натхненьнем, дык такое рашэньне прыняць вельмі цяжка. Аднак жа думкі аб выезьдзе прыходзяць нам у галаву, і казаць, што гэта ў прынцыпе немагчыма, я ня буду. Але я магу запэўніць, што ў гэтым годзе, на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах, мы будзем у Беларусі, таму што мы там патрэбныя.
Андрэй Саннікаў, які заявіў аб сваім намеры балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах, сказаў, што прысутнасьць на прэзэнтацыі “Свабоднага тэатру” — гэта частка ягонай праграмы побыту ў Лёндане, дзе ён будзе сустракацца з журналістамі, палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі.
РС: Спадар Саннікаў, у чым, на вашу думку, палітычная сытуацыя ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2011 адрозьніваецца ад сытуацыі перад выбарамі 2006 году? Калі гэтая сытуацыя зьмянілася, дык у які бок — лепшы для апазыцыі ці для рэжыму?
Андрэй Саннікаў: Сытуацыя зьмянілася ў бок лепшы для пераменаў у Беларусі. Таму што зараз стала відавочна тое, чаго некаторыя, можа, ня бачылі ў 2006 годзе — а менавіта, што дыктатарская сыстэма Лукашэнкі цалкам збанкрутавала. Людзям не прапануецца ніякага выйсьця, ніякага вырашэньня тых праблемаў, якія ўзьніклі ў сувязі з сусьветным эканамічным крызысам. Сытуацыя яшчэ адрозьніваецца і тым, што сёньня ўсім суседзям Беларусі бачна, што з гэтым рэжымам і з Лукашэнкам нельга мець справы. Мы ведаем, што Расея дагэтуль яго падтрымлівала, а зараз падаецца, што доўгатэрміновая падтрымка Лукашэнкі скончылася для Расеі адмоўнымі вынікамі і яны, магчыма, упершыню задумаліся, што з гэтым рэжымам ніякіх дамоўленасьцяў нельга дасягнуць.
РС: То бок, вы лічыце, што сыгнал, які пайшоў з Масквы ў бок Лукашэнкі — я маю на ўвазе фільм “Хросны бацька” і да т.п. — гэта сыгнал аб сур’ёзнай перамене адносінаў, а не выява часовага незадавальненьня з боку Крамля?
Андрэй Саннікаў: Я лічу, што гэта адзін з сыгналаў. Я не магу пакуль сказаць, што значыць гэты сыгнал — ці яны ўжо вырашылі, што ня могуць працягваць справу з Лукашэнкам, ці гэта толькі спроба пабольшыць ціск на яго? Але я бачу, што яны шукаюць іншых адносінаў. Вось узгадваецца Ўкраіна, якая можа быць прыкладам мадэлі такіх адносінаў — яна імкнецца да інтэграцыі з Эўразьвязам і адначасова значна палепшыла стасункі з Расеяй. Гэта вельмі цікавы прыклад для Беларусі.
РС: Як вы ацэньваеце той факт, што аб намеры балятавацца ў прэзыдэнты заявілі ці намякнулі ўжо бадай ці ня тузін незалежных кандыдатаў у Беларусі?
Андрэй Саннікаў: Я зьвязваю гэты факт з ацэнкай палітычнай сытуацыі ў Беларусі — адчуваньне такое, што зьмены ў Беларусі адбудуцца ўжо вельмі хутка, і таму людзі хацелі б у гэтых зьменах удзельнічаць.