Віктар Івашкевіч: на прэзідэнцкіх выбарах буду працаваць у камандзе Саннікава
Вядомы дзеяч БНФ будзе працаваць адным з кіраўнікоў штаба лідэра Еўрапейскай Беларусі Андрэя Саннікава.
Старшыня менскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Віктар Івашкевіч 12 чэрвеня на паседжаньні сойму партыі публічна заявіў, што на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах ён будзе працаваць у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.
Сваё рашэньне Івашкевіч патлумачыў тым, што “ня хоча займацца мышынай валтузьнёй, якая цяпер адбываецца ў партыі БНФ”.
“Я не хачу боўтацца ў сьмярдзючай вадкасьці, а хачу змагацца з рэжымам. Менавіта гэтае жаданьне, а не займаньне кулюарнымі маніпуляцыямі, і вызначыла маё рашэньне”.
Удзельнікі паседжаньня задалі Віктару Івашкевічу пытаньне, ці зьбіраецца ён у гэтай сытуацыі складаць зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка гарадзкой арганізацыі. Івашкевіч адказаў, што пра сытуацыю ён дакладзе сябрам сталічнай арганізацыі.