Чарнобыльскі Шлях-2010: памяць народа і страх дыктатуры (фота)
Шэсце, прысвечанае 24-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы прайшло ў Мінску.
Удзельнікі шэсця сабраліся на пляцоўцы каля “Акадэміі Навук” і пасля жалобнага мітынгу прайшлі шэсцем да Чарнобыльскай капліцы ў Парку дружбы Народаў. У мітынгу і шэсце прынялі ўдзел вядомыя палітыкі, грамадскія актывісты, дзеячы мастацтва і навукоўцы. Акрамя таго, ў шэсці ўзялі ўдзел актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, якія ўзнялі дзесяткі сцягоў Еўрапейскага Саюза.
Супрацоўнікі спецназа і дзяржаўтаінспекцыі зрабілі ўсё, каб запалохаць удзельнікаў акцыі і перашкодзіць мірнаму шэсцю. Міліцыя паставіла агароджы і металашукальнікі перад уваходам на плошчу і абшуквала ўсіх, хто рушыў да места акцыі, а супрацоўнікі дзяржаўтаіспекцыі наўмысна стваралі “пробкі” на шляху калоны.
“Наступствы чарнобыльскай трагедыі немагчыма пераадолець без вырашэння палітычных праблем, якія стаяць сёння перад Беларуссю. Да гэтага часу чарнобыльскую трагедыю суправаджае хлусня, маніпуляцыі, замоўчванне дадзеных даследваньняў, рэпрэсіі супраць сумленных навукоўцаў… Вяртанне на шлях дэмакратычнага развіцця, прыняццё Еўрапейскіх стандартаў і каштоўнасцяў стане першым істотным крокам да вырашэння гэтых праблем,” — сказаў актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Яўген Афнагель.