Легенды Супраціву. Вінцент Гадлеўскі
24 снежня 1942 году фашыстамі быў арыштаваны і расстраляны ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Доўгі час яго асоба заставалася невядомай. Толькі пасля аднаўлення незалежнасці мы змаглі больш даведацца пра лёс аднаго з лідэраў нацыянальнага руху Беларусі.
Вінцэнт Гадлеўскі нарадзіўся 16 лістапада ў мястэчку Поразава. Пасля вучобы ў ВІльні і Пецярбургу пасвечаны ў святары. Гадлеўскі адзін з першых святароў пачаў праводіць службы ў касцёле на беларускай мове. Ва ўзросце 30 год увайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пасля Рыжскага міру і падзелу Беларусі паміж савецкай Расіяй і Польшчай Гадлеўскі працягвае культурна-асветніцкую працу дзеля пашырэння ідэі незалежнай адзінай Беларусі. Ён выкладаў у Нясвіжскай гімназіі, выдаў некалькі кніг, рэдагаваў газету “Крыніца”. Двойчы за палітычную і асветніцкую дзейнасць Гадлеўскага арыштоўвалі польскія спецслужбы і каралі двухгадовымі арыштамі.
Гадлеўскі працягнуў распрацоўку беларускай нацыянальнай ідэі. Ён лічыў, што яе адсутнасць была галоўнай прычынай няўдачы барацьбы за незалежнасць у 1918 – 1920 гадах. “Нацыянальная ідэя лучыць усіх сяброў нацыі, і тых, што жывуць за граніцамі, і тых, што раздзелены акіянамі, і тых, што раздзелены часам. Нацыянальная ідэя лучыць паміж сабой пакаленні, якія ўжо адышлі, з тымі, якія маюць прыйсці, а злучвом ёсць жывучае пакаленне. Сведамы, ажыўлены нацыянальнай ідэяй беларус, скажам, у Амерыцы, з’яўляецца часткай беларускага народу, таксама як і той, што жыве на бацькаўшчыне. Таксама часткаю беларускага народу з’яўляюцца пакаленні цяперашнія, мінулыя й будучыя. Чалавечая адзінка толькі праз цесную сувязь з жыццём свайго народу, з ягонай мовай, з ягонай культурай і традыцыяй можа разьвіваць свае творчыя магчымасці”, – пісаў Гадлеўскі.
Пачатак Другой сусветнай вайны даў надзею многім паняволеным народам на вызваленне з-пад акупацыі. Лідэры беларускага нацыянальнага руху таксама не засталіся ў баку. У 1939 годзе Вінцэнт Гадлеўскі стварае ў Вільні Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая з цягам часу становіцца галоўнай нацыянальнай палітычнай сілай і цэнтрам, вакол якога аб’ядноўваюцца шматлікія паўпадпольныя групы і арганізацыі. Арганізацыйна партыя аформілася ўжо ў акупаванай немцамі Беларусі. Менавіта тады пры БНП пачала стварацца вайсковая нелегальная арганізацыя на чале з паплечнікам Гадлеўскага Усеваладам Родзькам. Беларускія патрыёты ўзялі на ўзбраенне схему барацьбы, якая дзейнічала ў іншых акупаваных немцамі краінах, калі існавала паўлегальная палітычная структура, якая займалася асветай, распаўсюджваннем ідэяў, грамадскай дзейнасцю і падпольная вайсковая, якая праводзіла партызанскія аперацыі. Прыклады гэтаму мы бачым ва Ўкраіне (АУН і УПА) ці Літве (Нацыяналная Рада і вайсковая арганізацыя “Кейстусіс”).
З часам падпольныя арганізацыі значна пашырылі свае шэрагі і ўжо налічвалі сотні людзей. Новыя сябры Супраціву амаль нічога ня ведалі пра ягоную кіраўнікоў і структуру. Гэта і ня дзіўна, бо яшчэ польская тайная паліцыя адзначала выдатныя арганізацыйныя і канспірацыйныя здольнасці Гадлеўскага. Паўставала неабходнасць выхаду супраціву на больш сур’ёзны узровень. Дзеля гэтага беларускія патрыёты планавалі ў другой палове 1943 году стварыць Каардынацыйны цэнтр. Менавіта ў гэты час параза немцаў у вайне была ўжо канчаткова перадвырашана. Цэнтр павінен быў каардынаваць дзейнасць усіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый Беларусі – як падпольных, так і легальных. На гэты ж час было запланавана вяртанне ў краіну Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Гэта значыць, што ў Беларусі з’явілася б не толькі аб’яднаная нацыянальная сіла, але і легітымны ў вачах многіх краінаў урад.
Акрамя таго, Гадлеўскі выступаў з прапановай заснаваць Беларускую каталіцкую мітраполію, наўпрост падпарадкаваную Рыму. Такі праект нават быў падрыхтаваны ад імя легальнай арганізацыі – Беларускай Народнай Самапомачы. Прапанова была шырока падтрыманая каталіцкай грамадскасцю. Аб ёй ведалі і ў Рыме, дзякуюч дапамозе украінскага уніяцкага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.
Натуральна, што ўсе гэтыя задумкі не супадалі з планамі акупацыйных нямецкіх уладаў, якія, таксама, як і камуністы і палякі, адмаўлялі Беларусі ў праве на незалежнасць. Спецслужбы ў 1942 годзе праз сваю агентуру сабралі інфармацыю пра дзейнасьць беларускага незалежніцкага падпольнага руху. Немцы імкнуліся знайсці ў першую чаргу месцы друку ўлётак і газетаў, а таксама выкрыць сетку, праз якую яны распаўсюджваліся.
Тым не менш, нягледзячы на ўзмацненне рэпрэсіяў, праца працягваецца. Пашыраецца партызанскі рух, наладжваюцца кантакты з заходнімі саюзнікамі і з украінскім Рухам Супраціву, вядуцца перамовы з прадстаўнікамі кіраўніцтва польскай Арміі Краёвай. У такіх умовах немцы прымаюць рашэнне знішчыць галоўнага ідэолага і лідэра беларускіх патрыётаў.
Гадлеўскі быў затрыманы асабіста начальнікам аддзела паліцыі бяспекі ў Менску Хойзэрам 24 сьнежня 1942 году на сваёй кватэры. Спачатку яго адвезлі ў касцёл св. Сымона і Алены, дзе ўсім паведамілі, што Гадлеўскі павінен тэрмінова ехаць у Берлін. Гэтым, а таксама тым, што арышт быў сакрэтным, нямецкія ўлады хацелі пазбегнуць пратэстаў і акцый з боку падполля. Мала таго, былі распаўсюджаныя чуткі, што Гадлеўскага бачылі ў Берліне і Рызе. Падобнымі метадамі ў нашыя дні дзейнічаюць і беларускія спецслужбы, калі выкрадаюць апанентаў рэжыму.
У той жа вечар Вінцэнт Гадлеўскі быў адвезены ў Трасцянец і расстраляны.
Палітычная дзейнасьць Вінцэнта Гадлеўскага дала вынік. Заснаваны пры ягоным актыўным удзеле рух супраціву працягваў дзейнічаць, а Беларуская Незалежніцкая Партыя заклала падмурак, дзякуючы якому падпольныя беларускія партызанскія арганізацыі працягнулі барацьбу за свабоду Бацькаўшчыны пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Вялікі ўклад Гадлеўскага ў нацыяналнае адраджэнне яшчэ раз падкрэслілі камуністычныя ідэолагі тым, што замоўчвалі і хавалі інфармацыю пра яго да часу знікнення Савецкага Саюзу.
Многія беларускія патрыёты-каталікі сёння лічаць неабходным распачаць працэс беатыфікацыі ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.