Памяці Андрэя Зайцава (фота)
20 снежня актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” правялі акцыю памяці сябра моладзевага руху “Зубр” Андрэя Зайцава, які ў 2001 годзе пад ціскам КДБ скончыў жыццё самагубствам.
Партрэт Андрэя, свечкі і кветкі былі ўскладзены ў цэнтры Менску каля касцёла святога Іосіфа, які ўжо стаў адным з сімвалаў беларускай салідарнасці.
20 снежня 2001 года Андрэй Зайцаў, які быў гомельскім актывістам руху “Зубр”, скончыў жыццё самагубствам. Яму было 24 гады. Прычынай яго смерці родныя, сябры і праваабаронцы называюць моцны ціск на хлопца з боку супрацоўнікаў КДБ. Незадоўга да смерці, Андрэй перадаў заяву ў Беларускі Хельсінскі камітэт пра абставіны яго вярбоўкі і аўдыёкасету з запісам яго тэлефоннай размовы з супрацоўнікам КДБ, дзе “гэбіст” абразліва зневажае і шантажуе Андрэя. Пры гэтым, каб прымусіць Зайцава стаць інфарматарам, яму пагражалі крымінальным пераследам і пераследам яго сяброў і сваякоў. За некалькі дней да смерці Зайцаў быў збіты невядомымі.
Звароты сваякоў і праваабаронцаў у пракуратуру з патрабаваннем правесці расследванне не далі ніякага выніку. па факту давядзення да самагубства нават не была распачатая крымінальная справа.
“Андрэй Зайцаў — спраўдны герой Беларусі. Ён змагаўся за свабоду сваёй краіны і абраў смерць, а не здраду,” — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі.
Нагадаем, што давядзенне Андрэя Зайцава да самагубства — не адзіны такі выпадак. У сакавіку 2009 года скончыла жыццё самагубствам салігорская праваабаронца Яна Палякова.