Містэр прэзідэнт Еўропы, хто Вы?
19 лістапада стане вядома прэзідэнта Рады ЕС.
3 лістапада прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс, апошні з кіраўнікоў дзяржаваў Еўрасаюза, паставіў подпіс пад эпахальнай Лісабонскай дамовай. За два гады ратыфікацыі дамова двойчы прайшла выпрабаванне ірландскім рэферэндумам, а таксама чэшскім Канстытуцыйным судом і ў выніку перамагла ўсе еўраскептычныя страхі.
Лісабонская дамова, якая ўступіць у сілу ў снежні 2009 г., — новы этап у развіцці Еўрасаюза. Прынятая замест праваленай у Францыі і Нідэрландах еўраканстытуцыі, яна пакліканая рэфармаваць галоўныя органы Еўрасаюза: Еўрапарламент, Еўракамісію і Раду ЕС. Адной з такіх рэформ з’яўляцца ўвядзенне пасады пастаяннага прэзідэнта Рады ЕС, якога прэса паспела ахрысціць «Прэзідэнтам Еўропы».
Рада ЕС на дадзены момант — гэта тэрмін, які ўжываецца для апісання сустрэч кіраўнікоў дзяржаваў Еўрасаюза некалькі разоў на год у Брусэлі. Існуе ратацыя, паводле якой краіны старшынююць у Радзе ЕС, — кожная па 6 месяцаў. Другое паўгоддзе 2009 г. у Радзе ЕС старшынюе Швецыя, таму прэзідэнтам Рады на гэты час з’яўляецца прэм’ер‑міністр Швецыі. Паводле Лісабонскай дамовы, такі парадак скасоўваецца: прэзідэнт Рады ЕС будзе выбірацца на 2,5 года.
Суперстар ці цырымоніймайстар?
Увядзенне гэтай пасады выклікае спрэчкі сярод еўрапейскіх уладных колаў. Працэдура выбара прэзідэнта Еўропы і яго службовыя абавязкі застаюцца туманнымі. Згодна з Лісабонскай дамовай, пасада прэзідэнта збольшага адміністратыўная, асноўныя абавязкі — каардынацыя працы Рады ЕС і арганізацыя міжнародных сустрэч. Акрамя таго, прэзідэнт Рады будзе прадстаўляць Еўрапейскі Саюз на сусветнай арэне і гаварыць ад імя аб’яднанай Еўропы. Прэзідэнт Еўропы будзе атрымліваць 270 000 еўра ў год, мець спецыяльную машыну з шафёрам, у яго офісе будуць працаваць 20 памочнікаў. Прыватны самалёт і афіцыйная рэзідэнцыя, тым не менш, былі адкінутыя Еўрапарламентам як непатрэбная помпа…
Існуе меркаванне, што ў прэзідэнта будзе не ставаць кадраў і рэсурсаў для эфектыўнага выканання сваіх абавязкаў і ён ператворыцца ў «гульнявы мяч» паміж еўрапейскімі лідэрамі. На карысць гэтага сведчыць яшчэ і тое, што прэзідэнт Еўропы непадкантрольны Еўрапарламенту.
Ёсць таксама небяспека канкурэнцыі між прэзідэнтам Рады ЕС і старшынём Еўракамісіі (зараз гэты пост займае Жазэ Мануэль Барозу), а таксама паміж іх адміністратыўнымі апаратамі. Супярэчнасць у тым, што старшыня Еўракамісіі мае ўладу і ўплыў, але не мае значнай вядомасці і прэстыжу. Адваротная сітуацыя з прэзідэнтам Рады ЕС: пасада вельмі прэстыжная, але не вельмі ўплывовая.
Такім чынам, будучыня прэзідэнта Еўропы залежыць выключна ад асобы, якая першай апынецца на гэтай пасадзе. «Суперстар»? Чакайце харызматыкаў, якія будуць актыўна выступаць ад імя ўсяго Еўрасаюза, шмат ездзіць па свеце, прамаўляць прыгожыя спічы і прымяраць у люстэрку вянок рымскіх цэзараў. «Цырымоніймайстар»? Усе страхі наконт канкурэнцыі за ўладу з Еўракамісіяй могуць быць забытыя, бо кіраваць будзе сталы заслужаны лідэр без цэзарыянскіх амбіцый, быццам адпраўлены на ганаровую пенсію.
Галоўнымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Еўропы з’яўляюцца экс‑прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр і цяперашні прэм’ер‑міністр Люксембурга Жан‑Клод Юнкер. Поўныя процілегласці і найяскравейшыя прадстаўнікі роляў «суперстара» і «цырымоніймайстра».
Аб Тоні Блэру ў якасці прэзідэнта Еўропы гаварылі яшчэ ў 2002 г., нават да спробы падпісання еўраканстытуцыі. Чуткі пра кандыдатуру Блэра як найбольш імаверную ўзмацніліся пасля яго адстаўкі з паста прэм’ер‑міністра ў 2007 г. У пачатку 2008 г. Нікаля Сарказі запрасіў Блэра на сход сваёй партыі, дзе выказаў брытанцу падтрымку словамі: «Ён нам патрэбны ў Еўропе». Паводле апытання ліпеня 2008 г., Блэр быў найжаданейшым кандыдатам для еўрапейскага бізнэсу. Нават сам Тоні, які пасля сыходу з брытанскай палітыкі сядзеў на мільённых зарплатах у банку JP Morgan і цюрыхскай фінансавай кампаніі, пачаў быў цяплець да новай пасады з заробкам «усяго» 270 000 еўра ў год.
Аднак яму не стае еўрапейскай падтрымкі. Катэгарычна супраць Блэра настроеная Ангела Меркель, а таксама большасць кіраўнікоў малых дзяржаваў ЕС. У Еўрапарламенце Блэра не хочуць бачыць на гэтай пасадзе дзве асноўныя фракцыі — сацыялісты і хрысціянскія дэмакраты. Яны нават стварылі міжпартыйную ініцыятыўную групу за недапушчэнне Тоні ў еўраструктуры. «Адзінае, аб чым думаў Блэр, калі быў прэм’ер‑міністрам — гэта адносіны з лонданскім Сіці, і такая ментальнасць прывяла да сусветнага фінансавага крызісу», — так ахарактарызаваў Блэра хрысціянскі дэмакрат з Еўрапарламента Міхаэль Галер.
Як паведамляе The Guardian, Сарказі на апошняй сустрэчы з Меркель таксама згадзіўся, што кандыдат павінен быць правым ці цэнтрыстам (а Блэр — лейбарыст, што не падпадае пад гэтае вызначэнне), і такім чынам нанёс Блэру ўдар у спіну. Супраць Блэра кажа і яго супярэчлівае, асабліва з еўрапейскага пункту гледжання, мінулае: сяброўства з Джорджам Бушам і ўдзел у вайне ў Іраку. Акрамя таго, Блэр прадстаўляе найбольш еўраскептычную краіну Еўрасаюза, якая не плануе ўступаць ў Шэнген і адмаўляцца ад фунта стэрлінга, што не дадае яму папулярнасці ў кантынентальнай Еўропе.
У гэтым ёсць і віна самога Блэра. Паводле The Daily Telegraph, падыход Блэра да атрымання пасады прэзідэнта Еўропы быў выражаны словамі: «Яны павінны самі да мяне прыйсці». Ён не збіраўся пэцкаць рукі ў закуліснай барацьбе. «Усё як заўжды, — іранічна піша The Daily Telegraph. — Тоні Блэр паўтарае лёс большасці брытанскіх удзельнікаў «Еўрабачання». Спявак, выбраны прадстаўляць Злучанае Каралеўства, заяўляе, што яго песня будзе найлепшым брытанскім нумарам. Затым надыходзіць лёсавызначальная ноч у Брусэлі, калі пачынаюць аб’яўляць балы, і становіцца зразумелым, што Францыя і Германія змовіліся з малымі краінамі, каб пракінуць Вялікабрытанію. У выніку былы фаварыт становіцца апошнім, а перамагае Чарнагорыя з шараговай тупой песняй». Але пакуль балы Тоні Блэру ў Брусэлі не выставілі, а ён, як ні круці, адзін з самых вядомых і харызматычных лідэраў у Еўропе — «суперстар».
Жан‑Клод Юнкер, цяперашні прэм’ер‑міністр Люксембурга, увасабляе ўсе тыя якасці, якіх не стае Тоні Блэру ў барацьбе за пост прэзідэнта Еўропы. Юнкер — еўрапеец «з вялікай літары», палымяны прыхільнік еўрапейскай інтэграцыі, суаўтар фундаментальнай Маастрыхтскай дамовы, пастаянны прэзідэнт Еўрагрупы — аб’яднання міністраў фінансаў краін еўразоны. Як прадстаўнік маленькага герцагства Люксембург, ён можа з’яўляцца гарантыяй для малых дзяржаваў Еўрасаюза.
Больш за тое, сам Юнкер быў у апазіцыі да стварэння пасады моцнага прэзідэнта Еўропы — якой яе калісьці задумвала групоўка Аснар‑Блэр‑Шырак. Юнкер лічыў, што моцны прэзідэнт Рады ЕС, незалежны ад Еўрапарламента, з лёгкасцю ўзурпуе паўнамоцтвы залежнага ад Еўрапарламента прэзідэнта Еўрапейскай камісіі. Акрамя таго, маленькія краіны Еўрасаюза бачылі прэзідэнта Еўропы марыянеткай вялікіх краін. Перад правальнымі рэферэндумамі па еўраканстытуцыі ў 2005 г. Юнкера інтэнісіўна лабіравалі на гэтую пасаду, але ён адмовіўся, бо быў выбраны люксембуржцамі на пасаду прэм’ер‑міністра.
Незадоўга да падпісання Лісабонскай дамовы, у кастрычніку 2007 г., Сарказі зноў агучыў на публіцы імя Юнкера. Кандыдатуру прэм’ер‑міністра Люксембурга падтрымліваюць многія лідэры малых дзяржаваў, а таксама фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў і сацыялістаў у Еўрапарламенце. Ангела Меркель абедзвюма рукамі за тое, каб ён заняў гэтую пасаду. Некаторыя аналітыкі лічаць яго і сапраўдным выбарам Сарказі, які проста своечасова зрабіў хітры рэверанс перад Блэрам.
Юнкера могуць не падтрымаць еўраскептычныя краіны кшталту Вялікабрытаніі, а таксама ўсе тыя, хто бачыць прэзідэнта Еўропы моцным і харызматычным. А Юнкер не такі. Ён не будзе дзерці нос ад гучнага тытула. І ні на крок не адступіцца ад Лісабонскай дамовы, дзе роля прэзідэнта Еўропы прапісаная як цырыманіяльна‑адміністратыўная.
Цёмныя конікі
Блэр і Юнкер — не адзіныя кандыдаты ў спісе, а толькі самыя «даўно называныя». З ратыфікацыяй Лісабонскай дамовы распачынаецца перыяд інтэнсіўнага лабіравання і спекуляцый адносна будучага прэзідэнта Еўропы. Сярод іншых прэтэндэнтаў гучыць імя прэм’ер‑міністра Бельгіі Хермана ван Рампю. Называюцца таксама былы прэзідэнт Фінляндыі і Нобелеўскі лаўрэат Марці Ахцісаары, былы канцлер Аўстрыі Вольфганг Шусель, прэм’ер‑міністр Нідэрландаў Ян Петэр Балькенэндэ, былы прэм’ер‑міністр Швецыі Карл Більт. Паводле The Daily Telegraph, кандыдатаў аб’явяць на саміце ў Брусэлі не пазней за 19 лістапада. Еўрапейскія лідэры ўсё яшчэ мараць знайсці «рэдкую птушку», якая б сумяшчала харызму Блэра і еўраінтэграцыйныя заслугі Юнкера.