Зміцеру Бародку – 35
Сёння, 16 лістапада, спаўняецца 35 год аднаму з каардынатараў грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцеру Бародку.
Зміцер Бародка нарадзіўся ў дзень Маці Божай Вострабрамскай, якая лічыцца заступніцай Беларусі. Акрамя таго, у 16-ты дзень кожнага месяца адзначаецца Дзень Беларускай салідарнасці. Добры гаспадар і католік, бацька трох дзяцей, і сапраўдны патрыёт, ён ніколі не мог спакойна глядзець на несправядлівасць, якая адбываецца навокал, і заўсёды быў у першых шэрагах супраціва. Шматлікія арышты, збіцці і звальненні з працы не дапамаглі ўладзе зламіць Бародку, а толькі закалілі яго. Сёння Зміцер Бародка – адзін з самых яскравых лідэраў дэмакратычнага і нацыянальнага руху.
Грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь” шчыра віншуе Зміцера Бародку і жадае яму поспехаў ва ўсіх справах і доўгіх гадоў жыцця ў свабоднай дэмакратычнай Беларусі.